Віцяблянін, гатовы абараняць Украіну, пра жыццё, смерць і стаўленне да беларусаў

Філіп Шаўроў
Філіп Шаўроў

Філіп Шаўроў родам з Віцебска. Па адукацыі ён юрыст. Ён быў актывістам "Маладога фронту" і іншых арганізацый. Кажа, што яшчэ ў школе стаў займацца грамадскай дзейнасцю. Служыў у беларускім войску з 2016 да 2017 года. Быў гранатамётчыкам. У 2020 годзе хлопец трапіў пад палітычныя рэпрэсіі і быў вымушаны з'ехаць у Польшчу. А цяпер ён у Львове.

— Я вырашыў абараняць Украіну ў гэтай вайне, таму і паехаў. Але трапіў у краіну не з першага разу, паколькі ў мяне жэнеўскі пашпарт, — расказвае Філіп. — Дзесьці а 15:00 24 лютага я ўжо быў на мяжы з Украінай. Даехаў на маршрутцы. Але ўкраінскія памежнікі мяне развярнулі, сказалі, маўляў, вельмі хацелі б прапусціць, але з вашымі дакументамі для ўезду патрэбная віза. Я вярнуўся ў Варшаву, прасядзеў там дні тры. А потым пачуў заяву Уладзіміра Зяленскага пра тое, што ўсе, хто хоча абараняць Украіну, могуць уступаць у замежны легіён. І я прыняў рашэнне ехаць.

Витеблянин, готовый воевать за Украину, о жизни, смерти и отношении к белорусам
Львоўскі вакзал

27 лютага Філіп ужо ехаў з Варшавы на аўтобусе з валанцёрамі. Кажа, што акрамя яго там было шмат хлопцаў. Частка ехала на фронт, а частка вярталася ва Украіну па сваіх справах. Іх прывезлі ў памежны польскі гарадок. Далей пасадзілі ў цягнік.

— На мяжы мяне з цягніка знялі памежнікі. Збянтэжылі мае дакументы. Адвялі на допыт. Мяне дапытвалі каля гадзіны чалавек шэсць, удакладнялі інфармацыю. Правялі надгляд асабістых рэчаў, але нічога такога не знайшлі. Я ім сказаў, што пачуў заклік Зяленскага і прыехаў абараняць Украіну. Паказаў работнікам СБУ мой ваенны білет, які, на шчасце, быў пры сабе. Яны вельмі ўзрадаваліся, што ў мяне нарэшце знайшліся нейкія сур'ёзныя дакументы і што я гранатамётчык РПГ-7Б. Пасля гэтага прынялі рашэнне прапусціць. Увесь гэты час, пакуль мяне афармлялі, цягнік і 140 чалавек у ім мяне чакалі.

Філіп успамінае, што на мяжы ён бачыў тысячы ўцекачоў. "Гэта надзвычай страшнае відовішча", — кажа ён. Дый колькасць людзей на львоўскім вакзале яго ўразіла: паўтары тысячы чалавек — хто сядзеў, хто ляжаў на падлозе ад стомленасці, сотні дзяцей, цяжкае паветра.

— Пасля таго як я прыбыў у Львоў, пайшоў у ваенкамат — такая працэдура. Толькі з трэцяга разу мяне прынялі, запісалі ў тэрытарыяльную абарону. Сказалі чакаць. На наступны дзень зноў схадзіў у ваенкамат, каб пераканацца, што мяне дакладна запісалі, — працягвае суразмоўнік. — Цяпер проста чакаю. За гэты час са мной звязваліся беларускія спецслужбы, прасілі зліць спіс беларусаў, якія ўдзельнічаюць у вайне на баку Украіны. Адразу папярэдзіў пра гэта ваенкамат.

У Львове Філіп разам з іншымі хлопцамі размясціўся ў хостэле. Кажа, што гаспадары робяць зніжкі на пражыванне.

— У горадзе цяпер даволі шмат замежнікаў. Гэта прыкметна ў тым ліку і па машынах з чужымі нумарамі. На цяперашні момант Львоў — гэта не франтавы горад. Гэта тыл. Пры гэтым тут ловяць дыверсійныя групы. Два дні таму тэрытарыяльная абарона злавіла групу каўказцаў, яны ехалі на дзвюх машынах. Іх абясшкодзілі і ўзялі ў палон, — расказвае Філіп. — Перыядычна — разы тры на дзень — у горадзе гучаць сігналы паветранай трывогі. Але мясцовыя да гэтага ўжо прывыклі і не хаваюцца. Калі я яго пачуў першы раз, спытаў, што рабіць у такіх выпадках. На што мне адказалі: "З неба ж нічога не падае, навошта кудысьці ісці?"

Витеблянин, готовый воевать за Украину, о жизни, смерти и отношении к белорусам
На вуліцах Львова вечарам нікога няма

Па словах хлопца, ён вельмі асцярожна перамяшчаецца па горадзе, хоць рабіць гэта наогул непажадана.

— Я выглядаю падазрона ў цяперашняй сітуацыі. У мяне ёсць і беларускі, і жэнеўскі пашпарт, ваенны білет. Але мяне ўсё-ткі могуць прыняць за дыверсанта. Выходжу толькі тады, калі на вуліцы шмат людзей. Дарэчы, рана раніцай і ўвечары — адразу пасля каменданцкай гадзіны і калі яна заканчваецца, у горадзе амаль нікога няма. У Львове забаронена фатаграфаваць. Усе мясцовыя жыхары папярэджаны, што тых, хто здымае, трэба затрымліваць.

Філіп адзначае, што стаўленне ва ўкраінцаў да беларусаў моцна змянілася за апошні час.

— Калі я тры гады таму быў у Львове, я адчуваў вельмі зычлівае стаўленне ўкраінцаў да беларусаў. Можна сказаць, што ўкраінцы ставіліся да беларусаў лепш, чым беларусы да ўкраінцаў. А цяпер многія ўкраінцы ненавідзяць беларусаў. Яны нас лічаць здраднікамі. Мне здаецца гэта цалкам абгрунтаваным. Ніякіх апраўданняў таму, што адбываецца, няма. Зараз паедзе "груз 200", сотні ўкраінскіх людзей загінулі. Трэба проста спытаць сябе, чаму ракеты на Украіну не ляцяць з Польшчы, не ляцяць з Турцыі? Чаму менавіта з Беларусі? Можа, праблема і ў беларусах?

Трэба ўспомніць, што канкрэтна ты рабіў 9–11 жніўня 2020 года ў часе пратэстаў.

І панесці адказнасць. Расіян цяпер нават больш паважаюць, чым беларусаў. Таму што яны ворагі, а беларусы — здраднікі. Здраднікаў вешаюць першымі. Я думаю, што пасля заканчэння вайны як мінімум Львоў будзе закрыты для нас.

Я вельмі ўдзячны ўкраінскім уладам, што мне — беларусу дазволілі паўдзельнічаць у абароне Украіны. Я лічу, што беларусы павінны адгукнуцца на гэты заклік.

На пытанне, ці гатовы ён забіваць людзей і жыць потым з гэтым, Філіп адказвае так:

— Я гатовы забіваць ворага, гатовы абараняць Украіну. Ужо значная частка краіны знаходзіцца пад акупацыяй Расіі. Таму я лічу, што гэта абавязак кожнага — знішчаць ворага ўсімі даступнымі спосабамі. Мая зброя — РПГ-7Б, гэта значыць гранатамёт. Яго называюць у войску "шайтан-труба" з часоў афганскай кампаніі. І тут сэнс у тым, каб зарадзіць снарад і стрэліць па вайсковай тэхніцы праціўніка. Калі ты страляеш, то не бачыш чалавека, які знаходзіцца ў гэтым транспарце. Гэта не праца, напрыклад, снайпера. Артылерыі, авіяцыі значна прасцей націскаць на кнопку, чым, скажам, стралку. Але калі давядзецца, я і твар у твар гатовы знішчаць праціўніка. Калі ты служыш у войску, то псіхалагічна рыхтуешся да таго, каб выконваць свае баявыя задачы. Ты працуеш практычна на аўтамаце. Ёсць загад — ты яго выконваеш. А нейкае ўсведамленне ўжо прыходзіць потым.

Пра тое, ці гатовы ён памерці, Філіп адназначна не адказаў.

— Калі ты беларускі апазіцыянер, то заўсёды ёсць імавернасць падзяліць лёс Юрыя Захаранкі і іншых беларускіх палітыкаў, якіх забілі. Пасля 2020 года, 2021-га пытанне каштоўнасці жыцця было перагледжана.

Беларусаў, якія паехалі ваяваць за Украіну, у нашай краіне могуць прылічыць да наймітаў. Паводле беларускага Крымінальнага кодэкса, найміцтва — гэта "ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл бакоў, якія ваююць, і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой яна з'яўляецца або на тэрыторыі якой пастаянна пражывае".

Улічваючы цяперашнюю пазіцыю беларускіх уладаў, можна выказаць здагадку, што добраахвотнікаў, якія вярнуліся дадому з Украіны, кампетэнтныя органы як мінімум возьмуць на заметку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі