Віцяблянка-дэкрэтніца падманула знаёмых амаль на 13 тысяч рублёў
Віцебскі гараддзел Следчага камітэта пачаў на мясцовую жыхарку крымінальную справу за махлярства ў буйным памеры.
24-гадовая віцяблянка, як паведамляе следства, знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. У гэты час са снежня 2016 года па ліпень 2017-га яна ўгаварыла знаёмых набыць на сябе ў растэрміноўку мабільныя тэлефоны ды іншую бытавую тэхніку. Таксама яна пераканала іх аформіць для яе крэдыт і пазыку. Кожнаму з пацярпелых яна распавядала, што сама не можа аформіць растэрміноўку, бо мае "дрэнную" крэдытную гісторыю.
Запазычанасць за тэхніку і крэдыты, атрыманыя ад знаёмых, яна цалкам не пагасіла.
Пацярпелымі па гэтай крымінальнай справе праходзяць восем жыхароў Віцебска і Віцебскага раёна. На рахунку віцяблянкі — 12 мабільнікаў аднаго вытворцы, ноўтбук ды іншая тэхніка. Агульная сума шкоды склала больш за 12 900 рублёў.
Пры ператрусе па месцы жыхарства жанчыны праваахоўнікі не знайшлі маёмасці, якую яна атрымала ад пацярпелых. З жанчыны ўзялі абавязацельства аб яўцы.