Віктар Дзятліковіч не хоча дапісваць апошнюю главу ў гісторыі N.R.M.
Пра гэта аўтар кнігі "Іх Мроя. Іх N.R.M." распавёў у гутарцы з Еўрарадыё па выніках "Рок-каранацыі".
На сёлетняй Рок-каранацыі гурт N.R.M. прызнаныя найлепшым калектывам за 15 гадоў. Найлепшым альбомам таксама сталі энэрэмаўскія “Тры чарапахі”. Аўтар кнігі "Іх Мроя. Іх N.R.M." журналіст Віктар Дзятліковіч кажа, што гэта вартая ацэнка дзейнасці калектыву за 15 гадоў існавання Рок-каранацыі.
Еўрарадыё: На тваю думку, з 1995 года, за 15 гадоў не з'явілася нічога новага?
Дзятліковіч: "З'явілася шмат чаго, але не паўплывала так на слухачоў і тых, хто галасаваў у інтэрнэце, што яны прагаласавалі за гэты гурт".
Еўрарадыё: N.R.M. на гэтай "Рок-каранацыі" выступў без Лявона Вольскага. Ці ведаеш чаму?
Дзятліковіч: "Пра гэта я не ведаю, бо з таго часу як была напісаная кніга пра N.R.M., прайшло досыць шмат часу. І я апошнія гады не вельмі сачыў за дзейнасццю N.R.M. Тым больш, што мала ў каго была такая магчымасць, улічваючы колькасць канцэртаў і колькасць альбомаў".
Еўрарадыё: Ці ты бачыш існаванне надалей N.R.M. без Лявона Вольскага?
Дзятліковіч: "Шчыра кажучы, наўрад ці. Я ў апошні час увогуле сумняваюся, ці існуе N.R.M. Калі няма канцэртаў, калі няма альбомаў, дык ці існуе гурт ці не? Тут пытанне. А тое, што гурт можа існаваць без Вольскага — гэта нонсенс"
Еўрарадыё: У сувязі з гэтым, ці можна казаць пра перавыданне кнігі пра "Мрою", пра N.R.M., пра цалкам фінальную главу. Здаецца, у першым выданні кнігі ішла гаворка, што гісторыя працягваецца?..
Дзятліковіч: "Мы думалі пра перавыданне кнігі і праз год, і праз два пасля таго, як кніга выйшла. Усё да гэтага не даходзілі рукі. Магчыма, проста не было настолькі цікавага матэрыялу, які б вельмі адрозніваў новую кнігу ад той, якая ўжо выходзіла. Калі здарыцца так, што ў гісторыі N.R.M. будзе пастаўлена кропка, то не выключана, што гэта стане падставай для перавыдання кнігі. Але, канечне, не хацелася б, каб менавіта гэта была падставай. А калі N.R.M. працягне існаваць, выпускаючы па адным альбоме ў 5 год, з майго боку ініцыятыва аб перавыданні кнігі наўрад ці будзе".