Віктар Пракапеня са згоды Лукашэнкі купляе Парытэтбанк за 50 млн долараў
Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня сваім указам №254 ухваліў угоду, паводле якой інвестыцыйная кампанія Віктара Пракапені VP Capital купляе пакет акцый Парытэтбанка (99,83% у статутным фондзе), які належаў Беларусі, за 50 млн долараў. Пра гэта піша tut.by.
Акрамя таго Пракапеня падаў заяўку ў Нацбанк Украіны, каб купіць тамтэйшы "Ашчадбанк" — украінскую "дачку" расійскага Сбербанка, сёмага па велічыні банка краіны.
"Каб пазбегнуць розначытанняў, дадзеная навіна не мае ніякай сувязі з маім днём нараджэння! :)) Указ падпісаны 18 ліпеня як відаць з яго тэксту. :)) Віншаваць мяне з купляй банка рана. Дагавор куплі-продажу не падпісаны. Банк працягвае заставацца ўласнасцю цяперашняга ўладальніка", — напісаў Пракапеня ў Фэйсбуку.
У каментары tut.by бізнэсовец паведаміў, што хоча выкупіць акцыі мінаратарыяў Парытэтбанка за двайную цану. Цяпер 2565 акцыянераў валодаюць 0,17% акцый.