Вікторыя Нуланд: ЗША адкрытыя для паляпшэння адносінаў з Беларуссю
Разам з тым Вашынгтон не адмаўляецца ад прэтэнзій да афіцыйнага Мінска ў праваабарончай галіне.
Памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд выказалася на тэму беларуска-амерыканскіх адносінаў. Гэта адбылося ў сераду падчас яе выступу ў Амерыканскім прадпрымальніцкім інстытуце ў Вашынгтоне. Па словах Нуланд, ЗША адкрытыя для паляпшэння адносінаў з Беларуссю, але не адмаўляюцца ад сваіх прэтэнзій і патрабаванняў да беларускага ўрада, перш за ўсё ў праваабарончай галіне. Таксама яна выказала меркаванне, што "мяч" цяпер на баку беларускіх уладаў.
"На працягу апошняга года мы назіраем, што беларускае кіраўніцтва вельмі няўтульна сябе адчувае перад абліччам бінарнага выбару. Я сустракалася ў верасні на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН з прэм'ер-міністрам Беларусі і казала яму, што яны шмат зрабілі для сваёй краіны, ператварыўшы назву Мінска ў сімвал мірнай дамоўленасці", — перадае ІТАР-ТАСС словы амерыканскага палітыка.
Пазітыўным крокам Нуланд назвала тое, што ўдалося аднавіць узаемную выдачу візаў. Але разам з тым яна падкрэсліла, што ЗША чакаюць далейшых ініцыятываў ад Беларусі.
Фота — kvedomosti.com