Віна за садзейнічанне агрэсару ляжыць на сілавіках, а не на мірных беларусах
Ці адчуваюць гэтыя людзі пачуццё віны за садзейнічанне Пуціну і Лукашэнку? / фота Ірыны Маліноўскай
Сусветная супольнасць абрынулася з крытыкай на Расію праз развязаную вайну ва Украіне. Тое, што да расіян пачалі непаважліва ставіцца, — гэта мякка сказана.
Па датычнай закранула і грамадзян Беларусі, якіх сталі вінаваціць у "дапамаганні дыктатару". Часта папрокі на свой адрас атрымліваюць беларусы, якія, наадварот, выступаюць супраць вайны. Выказванні накшталт "Чаму вы не выходзіце на антываенныя мітынгі?" дэмаралізуюць людзей і прымушаюць адчуваць пачуццё віны. Ці ёсць падстава для беларусаў адчуваць сябе вінаватымі?
— Напраўду многія беларусы не могуць выйсці на антываенныя мітынгі [праз бесперапынныя рэпрэсіі. — Еўрарадыё]. Я хачу падзякаваць тым грамадзянам, якія выйшлі 27 лютага. Дзякуй вам вялікі, родныя, — звяртаецца да беларусаў псіхолаг Наталля Скібская. — Дзякуй, што вы прынялі на сябе гэтую рызыку. Вы героі. Дзякуючы гэтаму ў нас ёсць шанц неяк адмыць гэтую ганьбу, якая, на жаль, была непазбежная з прычыны ўчынкаў Лукашэнкі і войска.
— З пункту гледжання эмоцый вельмі важна падзяляць пачуццё адказнасці, — працягвае псіхолаг. — Калі вы адчуваеце віну, то за што вы яе адчуваеце? Тут шмат "іспанскага сораму", які адчуваюць за дзеянні, што зрабілі іншыя. Нашы эмоцыі ўзнікаюць у адказ на нашу злосць за тое, што нашы сілавыя структуры павялі сябе абсалютна па-свінску. Сілавыя структуры прыносяць прысягу на вернасць беларускаму народу. І цяпер здраднікі — гэта яны. Дакладна гэтаксама, як яны здрадзілі беларускаму народу ў 2020 годзе, яны цяпер здраджваюць усяму чалавецтву.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь ніякія не здраднікі. Мы проста нарадзіліся на гэтай тэрыторыі. Ці нясу я адказнасць за тое, што робіць Лукашэнка? Таму аддзяляйцеся эмацыйна ад іх [беларускіх сілавікоў. — Еўрарадыё].
Як беларусам ужыцца ў такі няпросты час? Як не перагрызці адно аднаму горла праз чужыя амбіцыі?
— Нам трэба навучыцца сварыцца, навучыцца правільна канфліктаваць. У нас для гэтага ёсць рот, язык, зубы. Ёсць для гэтага куча іншых рэсурсаў. Не трэба выкарыстоўваць зброю, не трэба выкарыстоўваць фізічную сілу.
Наша фізічная і інтэлектуальная сіла можа быць выкарыстаная на стварэнне. Трэба весці канструктыўныя дыялогі, а не "ёсць маё меркаванне і няправільнае". Трэба весці дыскусіі не абражаючы адно аднаго, не павялічваючы колькасць агрэсіі, — падкрэслівае Наталля Скібская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.