Вінаваты ў ДТЗ, дзе загінулі 4 медыкі, атрымаў 7 гадоў калоніі-пасялення
Гэта максімальны тэрмін па яго артыкуле. Таксама ён на 5 гадоў пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі.
Рэзананснае ДТЗ адбылося 23 траўня каля 8:15 у Шумілінскім раёне. У аўтамабіль хуткай дапамогі, які стаяў на збочыне, ззаду ўрэзаўся гружаны аўтацягнік DAF. Чацвёра медыкаў, якія знаходзіліся ў “хуткай”, загінулі. Яшчэ адзін атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Следства высветліла, што кіроўца грузавіка парушыў патрабаванні адразу некалькіх пунктаў правілаў дарожнага руху: перавысіў хуткасны рэжым, парушыў дарожную разметку і адцягнуўся ад кіравання транспартным сродкам. Раней мужчына ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні ПДР, паведамляе БелТА.
Падсудны прызнаны вінаватым па частцы 3 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса — парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, смерць дзвюх і больш асоб. Яго прысудзілі да 7 гадоў калоніі-пасялення. 7 гадоў — гэта максімальны тэрмін зняволення, прадугледжаны за падобныя злачынствы.
Фота: МНС.