Вольгу Брыцікаву зноў арыштавалі за малюнак "Не вайне"
Вольга Брыцікава ў жніўні 2020-га, злева ад яе цяперашні старшыня КДБ / gazeta.naftan.by/
У Наваполацку Вольгу Брыцікаву зноў арыштавалі за малюнак "Не вайне" на яе старонцы ў Facebook. За яго яна адбыла адміністрацыйны арышт вясной. Чарговы суд за "несанкцыянаванае пікетаванне" прайшоў у пятніцу. Суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Брыцікаву вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту, піша @viasna96.
Пра затрыманне Вольгі Брыцікавай стала вядома 1 лістапада, а 3-га яе асудзілі на 15 сутак арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". За кратамі яна аб'явіла галадоўку. Затрымлівалі і сына Брыцікавай, але адпусцілі.
Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на "Нафтане". У жніўні 2020-га яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі ў той час праходзіў сход працоўных з удзелам кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Тэртэля (цяпер — старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў. У канцы 2020-га яе звольнілі, а ў 2021 годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюза на "Нафтане".
Сёлета Вольга Брыцікава правяла за кратамі 75 сутак адміністрацыйнага арышту (яе судзілі пяць разоў запар, у тым ліку і за "антываенныя акцыі", давалі па 15 сутак). Яна была затрыманая ў канцы зімы, а выйшла на волю ў сярэдзіне траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.