Вулічны мастак Ino пакуль не прыедзе ў Мінск дамалёўваць "Чалавека без твару"
Грэчаскі мастак Ino, аўтар скандальна вядомага графіці “Чалавек без твару” на вуліцы Варанянскага, планаваў дарабіць сваю карціну ў красавіку 2016 года. Аднак грошай на яго прыезд мінскія арганізатары не знаходзяць. У выніку ён збіраецца вярнуцца ў Мінск толькі восенню.
“У Ino шчыльны графік, на дадзены момант ён не можа да нас выбрацца, будзем чакаць яго пазней”, — абяцае Еўрарадыё Ігар Жур, намеснік старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, дзе ў 2015 годзе, у межах праекта Urban Myths з’явілася 7 новых муралаў.
Гісторыя карціны Ino і беларусаў, якія ахрысцілі “Чалавека без твару” “Анёлам смерці” і якія пісалі ў розныя інстанцыі з патрабаваннем замаляваць ці перерабіць мурал, цяпер вядомая ва ўсім свеце: мастакі сустракаюцца на фестывалях, перадаюць яе калегам і мараць прыехаць у Беларусь, каб уласна сутыкнуцца з мясцовай экзотыкай. Сам Ino, кажа каардынатар Urban Myths Алег Ларычаў, рады рэзанансу вакол сваёй працы. І, што заўважна па яго карцінах “паслямінскага перыяду”, пачынае больш актыўна выкарыстоўваць сіні колер. Раней аддаваў перавагу чорна-белым танам.
Цяпер Urban Myths перажывае не лепшыя часы: з запланаваных васьмі вясной у Мінску з’явіцца толькі адзін новы мурал. Прычына — адмова патэнцыйных спонсараў падтрымліваць праект з-за эканамічнага крызісу. І нават спроба раздабыць грошы праз краўдфандынг поспеху не мае: за паўтара месяца на рахунак праекту “накапала” ўсяго… 300 долараў у той час як прыезд і праца аднаго мастака абыходзіцца ў сярэднім у 3000 долараў. А ў цэлым на працяг праекту патрэбна 12,5 тысячы.
У Мінску з’явяцца новыя муралы і інавацыйны урбан-арт-фестываль
Суму складаюць выдаткі на візы, праезд, пражыванне мастакоў, фарбы, пэнзалі, пад'ёмнікі. Пра ганарары гаворкі не вядзецца: нават вядомыя графіцісты прыязджаюць у Беларусь з-за цікаўнасці”, — працягвае Ларычаў.
Але ёсць і добрая навіна. На наступным тыдні ў Мінск прылятае Deih — іспанскі вулічны мастак-фрыстайлер. 18 траўня ў Корпусе 8 ён сустрэнецца з мінчукамі, абмяркуе з імі ідэю графіці, а 19-га прыступіць да стварэння новага мурала па адрасе Рабкораўская, 21. Што намалюе іспанец – пакуль не вядома. Бо фішка праекту Urban Myths у тым, што мастакі прыязджаюць у Мінск, не ведаючы, што будуць маляваць. Яны знаёмяцца з горадам, яго жыхарамі, гісторыяй Беларусі, і толькі потым бяруцца за працу. Эскіз праекту ўзгадняюць з чыноўнікамі з Кастрычніцкага раёна Мінска.
"Спадзяюся, што прыезд Deih уздыме чарговую хвалю цікавасці да праекту, знойдуцца спонсары. Таму таксама я дамовіўся па датах з іспанскай мастачкай Hyuro, расійскімі мастакамі Qbic і Цімафеем Радзем. Іншыя анансаваныя мастакі прыедуць, аднак цяпер усё залежыць ад іх графіку і нашых магчымасцяў", — рэзюмуе Алег Ларычаў.
Дапамагчы праекту фінансава можна тут.