Вядомага прапагандыста паставілі кіраваць часопісам для настаўнікаў
Аляксей Дзермант
Галоўным рэдактарам навукова-метадычнага часопіса "Гісторыя і грамадазнаўства" стаў лукашысцкі прапагандыст Аляксей Дзермант.
У сваім тэлеграм-канале ён расказаў пра планы наконт будучыні выдання: "У рамках рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы ідэалогіі і гістарычнай памяці пастаўлена задача пераўтварыць часопіс у навукова-папулярны, змяніць канцэпцыю, фармат і назву (хутка будзе новая)".
Дзермант піша, што часопіс будзе закранаць не толькі гістарычныя пытанні, але і сферы геапалітыкі, эканомікі, культуралогіі, міжнародных адносін.
Дарэчы, на пачатку 2000-х гадоў Дзермант актыўна ўдзельнічаў у руху беларускага неапаганства, быў адным з заснавальнікаў неапаганскай ультраправай арганізацыі "Гега Рух". У 2010-х ён змяніў погляды на прарасійскія, стаў прыхільнікам еўразійства і падтрымаў агрэсію Расіі супраць Украіны.
Часопіс "Гісторыя і грамадазнаўства" — навукова-метадычнае выданне для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. У выданні асвятляюцца новыя педагагічныя ідэі і падыходы ў выкладанні навучальных прадметаў, публікуюцца вынікі навуковых даследаванняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.