"Вялікая сямёрка" гатовая ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі
Барак Абама заклікаў Уладзіміра Пуціна вырашыць, што таму важней — "слава савецкай імперыі" або захаванне эканомікі.
На саміце "Вялікай сямёркі" абмяркоўвалася ўзмацненне санкцый супраць Расіі. Але, як паведаміў па выніках сустрэчы прэзідэнт ЗША Барак Абама, абмеркаванне вялося пакуль на "тэхнічным" узроўні, а не на палітычным. Гэта значыць, што краіны Захаду гатовыя ўвесці дадатковыя санкцыі, але толькі ў тым выпадку, калі мінскі мірны працэс зойдзе ў тупік, адзначае BBC.
Пакуль жа ўдзельнікі саміту G-7 дамовіліся працягваць ціск на Расію, каб мінскія дамоўленасці пра спыненне агню ва Украіне выконваліся ў поўнай меры, дадаў Абама. Прэзідэнт ЗША дадаў, што расійскія сілы па-ранейшаму застаюцца на ўсходзе Украіны, чым парушаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны.
Абама кажа, што дзеянні Масквы ва Украіне дорага абыходзяцца самой Расіі. Ён параіў Уладзіміру Пуціну вызначыцца, ці сапраўды ён хоча і надалей "разбураць эканоміку сваёй краіны ў спробе адрадзіць славу савецкай імперыі".
Фота — AP