Вялізны склад боепрыпасаў у Тарапцы атакавала больш за 100 дронаў
На складзе працягваецца дэтанацыя боепрыпасаў
Вялізны склад боепрыпасаў у Тарапцы ў Цвярской вобласці Расіі ўначы 18 верасня атакавала больш за 100 дронаў украінскай вытворчасці. Яны праляцелі больш за 500 кіламетраў. Пра гэта паведамляе "РБК-Украіна" са спасылкай на крыніцы ў Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны. Сцвярджаецца, што там захоўваліся і балістычныя ракеты (у тым ліку і паўночнакарэйскія, і "Іскандэры"), ракеты да "Града" і сістэм супрацьпаветранай абароны, КАБы. Пра гэта ж заявіла "Бі-Бі-Сі" крыніца ў СБУ. У атацы ўдзельнічалі дроны Службы бяспекі Украіны, ГУР і Сіл спецаперацый. Арсенал знішчаны.
На складзе працягваецца дэтанацыя боепрыпасаў. Мясцовыя ўлады правялі частковую эвакуацыю насельніцтва. У сацсетках з'явілася шмат відэа з пашкоджанымі будынкамі ў горадзе.
Дагэтуль даследчыкі пісалі, што ў згаданым 107-м арсенале Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Мінабароны РФ захоўваліся розныя боепрыпасы (магчыма, да 30 тысяч тон), але найперш 122-міліметровыя рэактыўныя снарады да РСЗА "Град" і 82-міліметровыя артылерыйскія міны. Аднак адзначаюць: выбухі паказваюць, што там маглі знаходзіцца як мінімум зенітныя ракеты.
Дарэчы, дэтанацыя боепрыпасаў у Тарапцы выклікала лёгкі землятрус — 2,8 бала. Дым бачны з космасу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.