Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі Хельсінкскі камітэт

Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі Хельсінкскі камітэт

30 верасьня Вярхоўны суд пастанавіў задаволіць пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць Беларускі Хельсінкскі камітэт. Праваабарончая арганізацыя дзейнічала з восені 1995 года.

Арганізацыю абвінавацілі ў тым, што яна нібыта заплаціла двум чалавекам за назіранне на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Дакументы нібыта былі атрыманыя ў рамках неназванай крымінальнай справы.

БХК на працэсе прадстаўляў намеснік старшыні Гары Паганяйла. Ён звярнуў увагу, што БХК не мог прадставіць доказы, бо матэрыялы ўзятыя з яшчэ неразгледжанай крымінальнай справы. Паганяйла прапанаваў адкласці разгляд справы БХК да таго часу, калі разгледзяць папярэднюю справу.

Але суд пастанавіў ліквідаваць праваабарончую арганізацыю. 

Старшыня БХК Алег Гулак у каментары Радыё "Свабода" назваў рашэнне суда палітычным: "Гэта палітычнае рашэнне ў рэчышчы цяперашняга ціску і пераследу, ліквідацыі структур грамадзянскай супольнасці і агульнага палітычнага кантэксту ў краіне. Але мы будзем працягваць працу па абароне правоў чалавека, шукаць формы, каб рабіць гэта, не падстаўляючы людзей".

Дакументы, на якія спасылаўся Мінюст, Гулак назваў фальшыўкай: "Там нібыта стаіць мой подпіс, але гэта копія з копіі, у якой можна падрабіць любы подпіс, і я нічога такога не падпісваў. Гэта яўная фальшыўка. Калі мяне ў лютым дапытвалі ў межах крымінальнай справы, мяне пра гэта ніхто не пытаўся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі