Вярхоўны суд не падтрымаў жанчыну, якая адваёўвае дачку ў мужа Люцыі Лушчык
Ілона Герашчанка працягвае дабівацца сваёй праўды ў канфлікце з былым мужам Андрэем Герашчанкам і тэлезоркай Люцыяй Лушчык, якія выхоўваюць яе дачку. Жанчына спрабуе вярнуць дзіця, з якім ёй, як было заяўлена, не даюць бачыцца.
Летась у траўні суд Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіў, што дзіця павінна жыць з татам. Як аргумент прыводзілася і тое, што ў бацькі большая кватэра: пяціпакаёўка супраць трохпакаёўкі. Ілона Герашчанка апратэстоўвала гэта рашэнне і дайшла да Вярхоўнага суда, які адмовіўся перагледзець месца жыхарства дзіцяці.
Напрыканцы дакумента, які атрымала Ілона Герашчанка, сказана наступнае: “Паводле заключэння комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ад 4 студзеня 2016 года, у сапраўдны момант адносіны М. (дачкі. — Еўрарадыё) да вас маюць канфліктны і супярэчлівы характар, у той жа час як эмацыйна яна прывязаная да бацькі”.
“Спатрэбіўся роўна год, каб прайсці поўны цыкл пошуку справядлівасці ў судзе. Вынік — дзіця настроена супраць роднай маці, а суд лічыць, што і далей пакідаць дзяўчынку жыць з бацькам і чужой цёцяй — у інтарэсах дзіцяці”, — рэагуе на рашэнне Вярхоўнага суда Ілона Герашчанка.
Грамадскасць даведалася пра канфлікт былых мужа і жонкі летась у снежні, калі ў сеціве з’явілася скандальнае відэа. На ім асоба, падобная да тэлезоркі Люцыі Лушчык, абражае Ілону Герашчанка ў прысутнасці дзяўчынкі. А чалавек, падобны да Андрэя Герашчанкі, замінае дзіцяці пабачыцца з мамай.
14 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбудзецца чарговае пасяджэнне. На працэсе павінны вызначыць парадак удзелу Ілоны Герашчанка ў выхаванні дзяўчынкі.