Вярхоўны суд не паверыў, што “чалавек кволага целаскладу” забіў гандбаліста
Вярхоўны суд накіраваў на новы разгляд справу аб гібелі гандбаліста “СКА-Мінск” Рамана Лукашука. Нагадаем, што ў верасні 2014 года спартсмен атрымаў смяротныя траўмы каля сталічнага клуба “Мулен Руж”. За гэта 6 гадоў пазбаўлення волі далі Максіму Урубухаву, які адпачываў у тым жа месцы ў тую ж трагічную ноч.
Прысуд за гібель гандбаліста многіх здзівіў. Як непадрыхтаваны і шчуплы з выгляду чалавек мог адным ударам вырубіць прафесійнага спартсмена і такім чынам нанесці яму смяротныя траўмы?
Унікальны выпадак: бацька загінулага Аляксандр Лукашук таксама не пагадзіўся з прысудам і заявіў, што пасадзілі невінаватага. На яго думку, сына смяротна траўмаваў іншы перспектыўны гандбаліст В.. Бацька кажа, што апазнаў яго па відэазапісах. На думку Аляксандра Лукашука, следства маглі сфальсіфікаваць, каб не псаваць кар’еру перспектыўным гульцам, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце.
Але суды да аргументаў бацькі не прыслухоўваліся. Пакуль Аляксандра Лукашука не падтрымала пракуратура, а следам за ёй — Вярхоўны суд. У пачатку снежня калегія па крымінальных справах пастанавіла накіраваць справу на новы разгляд.
“У такое рашэнне я ўжо не верыў. На сітуацыю паўплывала мая доказная база, якую немагчыма ігнараваць, і аб’ектыўнасць суда”, — рэагуе на гэта рашэнне Аляксандр Лукашук.
Вярхоўны суд літаральна разграміў ранейшыя судовыя рашэнні. Калегія па крымінальных справах называе іх “незаконнымі”.
Як забілі Лукашука (шмат відэа)
Вось на якія хібы ў сваім вызначэнні звярнулі ўвагу ў Вярхоўным судзе:
Па-першае, не былі дапытаны некаторыя ключавыя сведкі інцыдэнту. Гэта ахоўнікі клуба “Мулен Руж” і кіроўца таксі, аб якое пасля ўдару нібыта стукнуўся Лукашук. На камерах відэаназірання, дарэчы, ніякай таксоўкі не бачна.
Па-другое, паказанні дапытаных сведкаў — супярэчлівыя. Вярхоўны суд звярнуў увагу на паказанні гандбаліста Максім Сончыка. На судзе ён казаў, што падчас інцыдэнту нанёс крыўдзіцелю Лукашука удар, і агрэсар упаў (на відэа гэтага не бачна, сцвярджэнне выглядае хлуснёй, — Еўрарадыё). Падчас дасудовых разбіральніцтваў Сончык пра такое падзенне не расказваў.
Па-трэцяе, у Следчым камітэце і ў судзе першай інстанцыі не дапыталі В., якога бацька загінулага лічыць вінаватым у смерці сына.
Чацвёртае — пад сумнеў паставілі паказанні эксперта.
І, нарэшце, Калегія задумалася над сцверджаннем бацькі загінулага: асуджаны не мог нанесці смяротны ўдар:
“Урубухаў не з’яўляецца спартсменам, не займаўся ніякімі адзінаборствамі, па росце нашма ніжэйшы за Рамана Лукашука, кволага целаскладу і не мог нанесці ўдар такой сілы, які пацягнуў бы смерць”.
Клуб, дзе гуляў Лукашук, не дапамог усталяваць яму надмагільны помнік
Новым разглядам справы будуць займацца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, дзе раней асудзілі Максіма Урубухава. Справу будзе разглядаць зусім іншы суддзя.
У кар’еры гандбаліста В., якога падазрае бацька загінулага, нядаўна здарыўся надлом. Ён не паразумеўся з кіраўніцтвам “СКА-Мінск”, было заяўлена, што гульца адправілі служыць у войска. Еўрарадыё звязалася са сведкай інцыдэнту Максімам Сончыкам. Але размаўляць аб трагедыі ён у чарговы раз адмовіўся: “Выклічуць у міліцыю — на ўсе пытанні адкажу”.
Фота Barsukov D.