Вярхоўны суд патлумачыў адносна мяккі прысуд за педафілію Вячаславу Давыдовічу

Вярхоўны суд патлумачыў адносна мяккі прысуд за педафілію Вячаславу Давыдовічу

Вярхоўны суд выступіў з тлумачэннем наконт прысуду экс-кіраўніку міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі "У дапамогу дзецям-сіротам" Вячаславу Давыдовічу, інфармуе БЕЛТА.

Нагадаем, што Давыдовіча, абвінавачанага ў сэксуальных дзеяннях супраць падлеткаў, асудзілі на пяць гадоў калоніі. Гэты прысуд выклікаў шмат абмеркаванняў, бо яго палічылі занадта мяккім.

Першапачаткова Давыдовіча вінавацілі ў гвалтоўных сэксуальных дзеяннях у дачыненні да заведама малалетніх, а таксама іншых дзеяннях сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. Акрамя таго, яму былі выстаўленыя абвінавачанні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і службовым падлогу.

Аднак падчас разгляду крымінальнай справы дзяржаўны абвінаваўца змяніў абвінавачанне. З Давыдовіча знялі абвінавачанне ў гвалтоўных сэксуальных дзеяннях у дачыненні да заведама малалетняга. У Вярхоўным судзе падкрэсліваюць, што суд можа разглядаць крымінальную справу толькі па тым абвінавачанні, якое выставілі падсуднаму.

Таму суд прызнаў Давыдовіча вінаватым у дзеяннях сэксуальнага характару з асобай, якая заведама не дасягнула 16-гадовага ўзросту, а таксама ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, спалучанай з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры. Па першым абвінавачанні яму прызначылі максімальна магчымае пакаранне — чатыры гады зняволення. За другое абвінавачанне — тры гады пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. Па сукупнасці злачынстваў Давыдовіч быў асуджаны на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.

У паведамленні Вярхоўнага суда адзначаецца: "Суд не мае права выйсці за межы выстаўленага абвінавачання, не можа змяніць кваліфікацыю злачынства і ўжыць артыкул КК, які прадугледжвае больш строгае пакаранне. Нельга ўжыць артыкул з больш суровым відам пакарання, з большай мінімальнай або максімальнай санкцыяй, а таксама той, які прадугледжвае дадатковае пакаранне або звязаны з больш строгім рэжымам адбыцця пакарання".

Следства паведамляла, што з красавіка 2010 года па лістапад 2012-га Давыдовіч учыняў сэксуальныя дзеянні супраць выхаванцаў дзіцячых дамоў. Дакладны лік пацярпелых афіцыйна не называўся. У СМІ казалі пра сотні, калі не тысячы пацярпелых ад сэксуальных злачынстваў. Адвакатка Давыдовіча назвала гэтыя лічбы моцна раздзьмутымі. Па яе словах, гаворка ідзе пра 8-10 эпізодаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі