Вярхоўны суд зоймецца ліквідацыяй БНФ "Адраджэньне"
Вярхоўны суд разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі па ліквідацыі грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне", паведамляе прэс-служба Партыі БНФ. Падрыхтоўчая сустрэча прызначаная на 20 жніўня.
Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне” — адно з найстарэйшых грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі. Яно было заснаванае ў кастрычніку 1988 года.
ГА БНФ "Адраджэньне" структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хаця абедзве арганізацыі ўзначальвае Рыгор Кастусёў, які цяпер сядзіць у СІЗА КДБ. Таксама ў абедзвюх арганізацыях супадае склад Сойму як кіруючага органу.
Аднак гаворка пра ліквідацыю Партыі БНФ пакуль не ідзе.
Афіцыйнай прычынай ліквідацыі, як расказаў намеснік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, называецца невыкананне патрабаванняў пісьмовага папярэджання, якое было вынесенае на адрас аб’яднання 14 ліпеня.
Менавіта ў той дзень сілавікі выламалі дзверы ў сядзібе БНФ, а потым Следчы камітэт апячатаў офіс памяшкання. Пасля гэтага супрацоўнікі аб'яднання не мелі доступу да дакументаў.
На ўліку ў БНФ “Адраджэньне” знаходзіцца 2059 чалавек. Арганізацыя мае 20 зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур, у тым ліку Мінскую гарадскую арганізацыю і чатыры абласныя арганізацыі, дзесяць раённых і пяць гарадскіх аддзяленняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.