Вярхоўны суд ЗША падтрымаў закон, які дазваляе забараніць TikTok

Сацсетка TikTok / pixabay.com
Сацыяльная сетка TikTok можа быць забароненая на тэрыторыі ЗША.
Вярхоўны суд Штатаў адхіліў апеляцыю сацсеткі, якая аспрэчвала ранейшае рашэнне пра яе забароне з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, перадае Бі-Бі-Сі. 19 студзеня набудзе моц закон, згодна з якім кітайская кампанія Bytedance павінна ці прадаць платформу, ці апынуцца пад забаронай на тэрыторыі ЗША. У Штатах гэтай сацсеткай карыстаецца каля 170 мільёнаў чалавек.
Закон супраць TikTok у Штатах прынялі з увагі на тое, што дзейнасць сеткі знаходзіцца пад кантролем кітайскіх уладаў. Сярод іншага TikTok атрымлівае звесткі пра геалакацыю карыстальнікаў, чым можа скарыстацца Пекін.
Калі TikTok забароняць, Apple і Google больш не змогуць прапаноўваць гэты мабільны дадатак новым карыстальнікам або спампоўваць абнаўленні.
Абраны амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп раней сам прапаноўваў забараніць TikTok. Праўда, потым ён перадумаў і абяцаў знайсці магчымасць, каб сацсетка працягвала працаваць на тэрыторыі краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.