"Вяртайцеся дадому, беларускія свінні". Вандалы напалі на краму Kropka ў Вільні

Вандалы напалі на "Кропку"

Вандалы напалі на "Кропку" / novayagazeta.ee

На будынку беларускай крамы Kropka ў Вільні ўночы на 27 ліпеня невядомыя напісалі "Вяртайцеся дадому, беларускія свінні". Надпіс зроблены на літоўскай мове.

Апроч гэтага, у краме разбілі шыбы ў дзвярах і ў вакне. Фота з месца падзеяў публікуе "Новая газета. Балтыя".

Краму беларускіх сувеніраў і сімволікі ў цэнтры Вільні па адрасе Savičiaus g. 6 адкрыў былы палітвязень Зміцер Фурманаў і яго жонка Вольга. Пара працуе ў тым ліку з майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь. Заснавальнікі крамы вярнуцца ў Беларусь не могуць — іх там чакае палітычны пераслед.

Адна з версій, якую абмяркоўваюць у сацсетках, — гэта правакацыя беларускіх спецслужбаў. Апошнім часам невядомыя зрабілі некалькі правакацыйных надпісаў на помніках і будынках Вільні. Чырвоная фарба — гэта іх "фірмовы стыль".

Гэтай жа версіі прытрымліваецца і Фурманаў:

— Я лічу, што гэта правакацыя лукашыстаў.

На месцы здарэння працуе паліцыя. У яе ёсць відэазапіс інцыдэнту. Камера зафіксавала чалавека, які пасля здзейсненага зрабіў фатаграфію — верагодна, для справаздачы перад замоўцам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі