Выбары ў Расіі: Выбарцам дарылі піва і гарэлку, а лаўца пакемонаў затрымалі
18 верасня ў Расіі адбываюцца выбары ў Дзяржаўную Думу. У гэты дзень на выбарчых участках не абышлося як без камічных, так і трагічных здарэнняў.
Як піша lenta.ru, у вёсцы Аляксандраўка Панінскага раёна Варонежскай вобласці першаму, хто прыйшоў прагаласаваць, уручылі бутэльку гарэлкі. Старшыня выбарчай камісіі на гэтым участку Ніна Чэрнікава заявіла журналістам, што гэта не подкуп выбарцаў а падарунак. Напрыклад, для 18-гадовых выбарцаў камісія падрыхтавала шакаладкі. Чэрнікава дадала, што з ініцыятывай дарыць спіртное выступіла сама камісія, гэтай традыцыі ўжо 20 гадоў.
У Кастрычніцкім раёне Новасібірска выбарцаў спрабавалі падкупіць півам. Выявілася, што прынамсі пяць чалавек атрымалі па тры літры піва. Праўда, не ўдалося высветліць, што яны павінны былі зрабіць за гэтае піва.
У Свярдлоўскай вобласці на адным з участкаў затрымалі лаўца пакемонаў. Выбарчая камісія вырашыла, што гэта парушэнне грамадскага парадку і перашкода працы выбаркаму.
А ў Маскве адзін з выбарчых участкаў збіраліся ўзарваць. 39-гадовы жыхар Волагды прыбыў на ўчастакі стаў пагражаць выбуховым прыстасаваннем. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі паліцыі.