Выхавацелька: Збіраюся ў дэкрэт. Дапамога на дзіця ― як заробак ў садку!

У сакавіку Саўмін выдае пастанову: бацькі ў садках будуць аплачваць 100% за харчаванне, замест 60% як было раней. І гэты фокус дазволіць павысіць заробкі выхавацелям. Цяпер іх сярэдні заробак складае каля 2,5 мільёнаў! Еўрарадыё цікавіцца, ці выраслі заробкі ў выхавацелек.

Валерыя працуе толькі год, і кажа, што збіраецца звальняцца ― хоча нарадзіць дзіця.

“А што? У мяне дапамога на дзіця будзе такая ж як і заробак. Але я тады буду сваіх глядзець, а не 15-ць чужых дзяцей!”, ― разважае Валерыя. Яе заробак ― 3,5 мільёна. Гэта амаль на мільён болей, чым цяпер атрымліваюць бацькі за другое дзіця.

Знаходзім выхавацельку Наталлю па статусе акаунта ў сацыяльных сетках. Аказваецца, ужо паўгода, як яна кінула працу!

Яшчэ адна выхавацелька з Мінска ― Юля. І яна па неверагодным супадзенні працуе ў садку апошні дзень! З заўтрашняга дня Юля ― вольная пташка. Дзяўчына распавядае Еўрарадыё, куды збіраецца пайсці працаваць.

 “Пайду ў гандаль. Там хоць і працаваць трэба, але ж і плацяць болей”, ― Юля працу яшчэ не шукала, але не адчувае ніякіх трывог ― аб'яў на вакансію прадаўца ў сталіцы сотні!

Яшчэ адна выхавацелька Юля, але з Фаніпаля, нікуды не збіраецца, мала таго – яна сапраўдны энтузіяст!

“Люблю вазіцца з дзецьмі. Яны ж такія цікавыя, слухаюць, што ім кажаш, пытаюцца. Ніводнай хвіліны не сядзіш на месцы ― на гэтай працы дакладна не зачахнеш! Да таго ж, хто будзе працаваць, калі не я? Прыходзяць, адпрацоўваюць два гады ― і ўсе. Вельмі шыкоўная праца, каб яшчэ заробак!” ― Юля пералічвае плюсы працы ― можна забраць дзіця з садка, бо яе сын наведвае тую ж установу, дзе працуе маці. Забраць дачку са школы пра графіку працы таксама даволі зручна.

«У садку не хапае чатырох выхавацеляў, музыкантаў, фізрука. У мяне няма памочніка выхавацеля, я і падлогу мыю, і посуд. Заробак атрымліваецца 2,7 мільёна. Даплата за красавік, а я вам скажу, 30 тысяч. Бацькі сталі плаціць болей, і цяпер хочуць ведаць, за што яны плацяць грошы. Таму патрабаванні растуць штодзень!” ― кажа Юля.

Разам з ёй мы падлічваем выгаду ад павышэння заробкаў. У яе малодшы сын наведвае садок ясельную групу. Раней Юля плаціла за садок 180 тысяч, цяпер болей на 100 тысяч рублёў. А заробак самой Юлі вырас ўсяго на 30 тысяч!

Юля кажа, што самі выхавацелі ― пешкі ў гэтай справе, ім абурацца няма сэнсу. Трэба каб абурыліся бацькі, тады будзе магчымасць неяк весці гаворку пра заробкі.

Самы вялікі выдатак апошняга часу Юлінай сям’і ― тэлевізар, які аформілі ў растэрміноўку на год.

“Тэлевізар каштаваў 7 мільёнаў, але паджалі выдаткі, і купілі. Добра, што ў растэрміноўку яшчэ даюць!”

Звольніцца Юля не хоча, нават не з-за таго, што праца ёй падабаецца. А таму, што разам з мужам будуюць кватэру ад аддзелу адукацыі. Цяпер аддаюць за здымную кватэру 200 долараў. Выплаты па крэдыце складуць каля 2,3 мільёна ― амаль ўвесь Юлін заробак.

“Але ж гэта будзе свая кватэра! Няхай сабе і аднапакаёўка. Галоўнае, каб вы дзяцей нараджалі, каб вырашыць праблему з дэмаграфічнай сітуацыяй у нас у краіне, і каб у нас была праца!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі