Выкладчыка юрыдычнай этыкі з БДУ абвінавацілі ў лаянцы і асудзілі на 15 сутак

Выкладчыка юрыдычнай этыкі з БДУ абвінавацілі ў лаянцы і асудзілі на 15 сутак

10 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся суд над выкладчыкам кафедры крыміналістыкі юрфака БДУ Яраславам Катом. Мужчыну абвінавацілі ў лаянцы ў пад'ездзе і асудзілі на 15 сутак, піша ТГ-канал "Вясна назірае". 

Яраслаў Кот выкладае юрыдычную этыку. Ён вучыўся ў БДУ і Ельскім універсітэце ў ЗША. Яго затрымалі 9 лютага супрацоўнікі ГУБАЗіК, а ў кватэры правялі ператрус. Ноч ён правёў у ІЧУ на Акрэсціна. 

У пратаколе было пазначана, што выкладчык "наўмысна з хуліганскіх памкненняў стаў выказваць незадаволенасць працай супрацоўнікаў унутраных справаў, размаўляў на павышаных тонах, выказваў на адрас супрацоўнікаў словы "фашысты, карнікі".

Сам Яраслаў распавядае іншае. Па яго словах, у 12:10 яму пазванілі ў кватэру. Калі ён зазірнуў у вочка, яно было чымсьці прыкрытае. Мужчына папрасіў адкрыць вочка і паказаць пасведчанні, але пабачыў толькі чорныя сілуэты. Ён прыадчыніў дзверы, і на яго адразу накінуліся. Яраслаў спалохаўся, што яго выкрадаюць, і пачаў клікаць суседзяў, каб яны тэлефанавалі ў міліцыю. Людзі, якія яго затрымлівалі, кажа выкладчык, былі ў чорнай вопратцы, кепках і масках. 

Па словах Яраслава Ката, яго павалілі на падлогу і ціснулі на патыліцу і шыю, а потым начапілі кайданкі. З 18:45 да 00:00 мужчына быў у бетоннай камеры.

Суддзя Марына Фёдарава прызнала Яраслава вінаватым у хуліганстве і прызначыла 15-сутачны арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі