Выкладчыкі МДЛУ таксама далучаюцца да студэнцкай забастоўкі
Беларускія ВНУ працягваюць далучацца да нацыянальнай забастоўкі. 26 кастрычніка пра забастоўку абвясцілі больш за 30 выкладчыкаў БДУІР. Такое ж рашэнне прынялі і супрацоўнікі МДЛУ.
— Так, і выкладчыкаў у нас [бастуе. — Еўрарадыё] болей, чым у БДУІР. Мы афіцыйна з нашымі студэнтамі з 5 верасня, і ўсе ў нас гэта ведаюць, — расказала Еўрарадыё дацэнт кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталля Дуліна.
Выкладчыкі МДЛУ разам са студэнтамі праводзяць мірныя акцыі пратэсту.
— У нас ужо ў некаторых вымовы і заўвагі ад кіраўніцтва.
Цяпер выкладчыкі працягваюць забастоўку разам са студэнтамі: некаторыя адмянілі заняткі. Раніцай 27 кастрычніка яны зноў удзельнічаюць у акцыі ў будынках МДЛУ.
Назваць дакладную колькасць забастоўшчыкаў суразмоўніцы Еўрарадыё складана.
— Ёсць тыя, хто працуе з замежнікамі, там нюансы. Ёсць тыя, у каго цяпер няма заняткаў і гэтак далей. Спадзяюся, што некалькі дзясяткаў, плюс супрацоўнікі, у якіх заняткаў няма, — падсумавала выкладчыца.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка звольніў рэктарку МДЛУ Наталлю Баранаву і прызначыў на яе месца экс-дэкана факультэта нямецкай мовы Наталлю Лапцеву. Цяпер кіраўніцтва ВНУ спрабуе арганізаваць дыялог з пратэстоўцамі, але шмат студэнтаў ставіцца да такой ідэі скептычна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.