“Вынесці прадпісанне можна па любой краме ў Беларусі”

Указам Аляксанра Лукашэнкі ад 5 снежня Міністэрства гандлю надзялілі дадатковымі паўнамоцтвамі, якія павінныя абараняць правы спажыўцоў. Не паспелі ўказ апублікаваць, як камісія пры Мінгандлі выправілася з праверкамі па крамах. Цяпер ведамства можа ў тэрмін да 90 дзён прыпыніць працу гандлёвай кропкі ў выпадку парушэння заканадаўства.

За тыдзень міністэрства правярае 27 крамаў і ва ўсіх знаходзіць парушэнні. Самыя распаўсюджаныя — падман пакупнікоў, парушэнне асартыментнага пераліку (да прыкладу, не хапала прасаў ці тэлевізараў беларускай вытворчасці).

У выніку 7 крамаў тэхнікі былі зачыненыя напярэдадні навагодніх святаў. Ім далі 10 дзён на тое, каб прыбраць парушэнні. Да прыкладу, у крамах ў Слоніме быў усяго адзін беларускі тэлевізар замест пяці, чаго патрабуе асартыментны пералік. Краму “5 элемент” у Ваўкавыску ўвогуле ўрачыста адкрылі ў канцы лістапада. А праз два тыдні закрылі “па тэхнічных прычынах”, сказана на сайце гандлёвай сеткі.

Час адкрыцця крамаў сеткі “5 элемент” у Слоніме прызначаны на 22 снежня. Менавіта за гэты час спецыялісты будуць шукаць дадатковыя тавары беларускай вытворчасці.

“Мы не памятаем ніводнага прэцэдэнту, каб праз гэта закрывалі краму! Але мы жывем у Беларусі і па нашым заканадаўстве. Наша заканадаўства прадпісвае мець усю лінейку тэлевізараў, якія робяць у Беларусі. Зразумела, калі яны будуць у наяўнасці, мы дакупім”, — расстроена кажуць у адміністрацыі сеткі крамаў “5 элемент”.

Начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы сеткі крамаў “Электрасіла” Зміцер Аўсяннікаў кажа, што Мінгандаль закрыў крамы па законе. Парушылі — трэба адказваць.

“Калі зыходзіць з наяўных нарматыўных працэдур, то ўсё па законе. Недзе, да прыкладу, не было цэнніка. Тэлевізар купілі і паставілі новы, а кансультант не паспеў яго замяніць — у нас жа тысячы найменняў! Вось і парушэнне”,Зміцер кажа, што ўсе парушэнні будуць цягам дня вырашаныя.

Крама “Электрасіла” на Уманскай у Мінску павінная запрацаваць да канца дня, а крамы па рэгіёнах — у панядзелак. Кожны дзень прастою выльецца ў страты, таму трэба адкрывацца як мага хутчэй! Калі нейкіх тавараў будзе не хапаць — аператыўна закупяцца.

У прыватнай гаворцы супрацоўнікі крамаў кажуць, што прычапіцца можна да чаго заўгодна і вынесці прадпісанне па любой краме ў Беларусі.

У Мінгандлі ж каментаваць сітуацыю і расказваць пра маштаб будучых праверак адмовіліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі