Выпіваеш, але нічога не баліць і няма пахмелля? Лёгка!
Брытанскі навуковец распрацоўвае прэпарат, які будзе мець толькі “станоўчыя” якасці алкаголю.
Еўрарадыё распавядала пра французскага хіміка, які прапануе падчас гатоўкі замест “жывых” прадуктаў выкарыстоўваць парашкі, алеі і вадкасці — каб зэканоміць і накарміць усіх жыхароў планеты. А цяпер брытанскі навуковец Дэвід Нат хоча зрабіць “алкагольную рэвалюцыю”.
“Былы дарадца ўрада Вялікабрытаніі ў справе наркотыкаў Дэвід Нат лічыць магчымым атрымоўваць алкагольныя адчуванні без рызыкі для здароўя. Прафесар Нат кажа, што знайшоў не толькі спалучэнні, што даюць адчуванне алкаголю, але і такія, што могуць працэс ап’янення павярнуць назад — то бок людзі імгненна могуць стаць цвярозымі”, — піша BBC.
Цяпер Дэвід Нат, які з’яўляецца адным з вядучых нейрапсіхафармаколагаў Вялікабрытаніі, шукае інвестараў для свайго амбітнага праекта. Ён кажа, што калі будуць грошы, сурагатны алкаголь можа з’явіцца на рынку цягам двух гадоў. Толькі відавочна, што вялікія алкагольныя канцэрны ў гэтым не зацікаўлены, таму яны наўрад ці падтрымаюць ідэю.
Згодна з Дэвідам Натам, новы алкаголь будзе прадавацца ў барах у выглядзе кактэйляў з рознымі водарамі. Галоўная яго перавага ў параўнанні з традыцыйнай выпіўкай — адсутнасць пахмелля. А таксама ён не будзе выклікаць агрэсіі. Вось што кажа сам навуковец пра сваю распрацоўку:
“Я думаю, што гэта было б сур’ёзнай рэвалюцыяй на карысць здароўя, такой самай, якую электронная цыгарэта зрабіла ў курэнні. Я лічу гэта крыху дзіўным — што мы раней не гаварылі пра гэта, бо гэта відавочная мэта для аздараўлення”.
Сапраўды, з-за алкаголю штогод у Вялікабрытаніі паміраюць каля 9 тысяч чалавек. Разам з тым у карыснага алкаголю ўжо паспелі з’явіцца і свае крытыкі. Сярод іх і калумніст The Telegraph Грэм Арчэр. Ён лічыць, што нішто не будзе стрымліваць ўжыванне сурагатнага алкаголю, у той час як цяпер людзі задумваюцца аб наступствах перад тым, як выпіць.
Грэм Арчэр: “Так, піць — гэта дрэнна для чалавека і грамадства. Але мы таксама ведаем, што наша культура развівалася на працягу тысячагоддзяў, намагаючыся справіцца з гэтым. Мне шкада тых, хто не можа кантраляваць сваю залежнасць, але не настолькі, каб рызыкаваць дабрабытам, які прыходзіць для пераважнай большасці ад неабходнасці жыць з наступствамі нашых дзеянняў”.
Варта дадаць, што калісьці Дэвід Нат стаў вядомым за выказванне аб тым, што ўжыванне экстазі не больш небяспечнае, чым верхавая язда.
Фота: planetloungeradio.com