Пасля кавуна і кедравых арэшкаў віцебскі хлопчык трапіў у лякарню

Кавун, ілюстрацыйнае фота

Кавун, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У 10-гадовага хлопчыка пасля з'едзенага кавуна і кедравых арэшкаў развілася моцная рэакцыя. Выратавалі яму жыццё віцебскія медыкі, піша газета "Віцьбічы".

Здарэнне адбылося напрыканцы жніўня. Бабуля купіла ўнукам кавун. Старэйшы адмовіўся яго есці, а малодшы паеў з апетытам. Таксама дзеці атрымалі па дэсертнай лыжцы кедравых арэшкаў.

Неўзабаве малодшы хлопчык прыбег да бабулі, трымаючыся за горла, і сказаў, што ў яго "ў роце ўсё гарыць". Потым дзіця пачало ванітаваць. Таксама хлопчык казаў, што ўсё цела свярбіць.

Мама дала яму проціалергічную таблетку, але тая не дапамагла. Стан хлопчыка ўсё пагаршаўся: яму станавілася цяжэй дыхаць, пачаў ацякаюць твар, з'явілася крапіўніца.

Бабуля выклікала "хуткую", і медыкі вызначылі, што ў хлопчыка пачаўся ацёк Квінке, пад пытаннем — анафілактычны шок. Яму паставілі унутрывеннае ўвядзенне лекаў і даставілі ў клініку. Праз паўтара дня хлопчыка ўжо выпісалі.

Раней у дзіцяці не было алергіі на з'едзеныя прадукты. Аналізы ў клініцы таксама не паказалі алергіі. Кавун быў набыты на рынку, арэхі — у краме. І адно, і другое хлопчык еў і раней.

У абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі кажуць, што ў кавунах, даследаваных службай у гэтым сезоне, перавышэння дапушчальнага ўзроўню нітратаў не выявілі, а вось у дынях такое перавышэнне было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі