Выпускніцу ў Баранавічах выклікалі на камісію пасля фота з БЧБ-сцягам

За тое, каб пакараць выпускніцу, выказаліся ўсе сябры камісіі / Еўрарадыё​
За тое, каб пакараць выпускніцу, выказаліся ўсе сябры камісіі / Еўрарадыё​

Выпускніцу баранавіцкай гімназіі № 4 Ядвігу Малашчанка выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Падставай стаў фотаздымак, які дзяўчынка зрабіла пасля лінейкі ў школе. Яна сфатаграфавалася з бел-чырвона-белым сцягам. У міліцыі палічылі, што гэта пікет, і склалі на яе два пратаколы, паведамляе БелаПАН.

У пратаколах было напісана, што Малашчанка, "з'яўляючыся ўдзельнікам адзіночнага пікетавання, публічна выказвала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы і публічна пратэставала супраць дзеючай улады".

Справу разглядала камісія па справах непаўналетніх. Пасяджэнне камісіі прайшло напярэдадні ў закрытым рэжыме.  

"У складзе камісіі па справах непаўналетніх быў прадстаўнік пракуратуры, прадстаўнікі гімназіі, з наркалогіі і іншыя", — распавяла маці выпускніцы, актывістка Руху "За Свабоду" Таццяна Малашчанка.

Паводле слоў Таццяны, у дачкі пыталіся, чаму сцяг для яе важны. Дзяўчына тлумачыла ,што "ён звязаны з сям'ёй". Гімназія дала ёй станоўчую характарыстыку. Адвакат прапаноўваў закрыць справу, але сябры камісіі "сказалі, што "нельга цалкам праігнараваць той факт, што было палотнішча", распавяла мама выпускніцы.

У выніку дзяўчыне вынеслі папярэджанне і пастанавілі правесці з ёю прафілактычную працу. Ядвіга прызналася, што ў яе дваістыя ўражанні ад пасяджэння камісіі. З аднаго боку, добра, што абышлося без штрафаў. Але з іншага боку, яна так і не зразумела, за што ёй прызначылі пакаранне.

Мама дзяўчыны выказала здагадку, што павышаная ўвага да дачкі можа быць звязана з пазіцыяй дарослых членаў сям'і. Раней бацька Ядвігі Алег Малашчанка быў дэпартаваны з Беларусі ў Расію — ён удзельнічаў у пратэстах на авіяцыйным заводзе ў Баранавічах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі