Выйсці сухім не атрымаецца: роля Лукашэнкі ў вайне ключавая

Пуцін і Лукашэнка / БЕЛТА
Пуцін і Лукашэнка / БЕЛТА

Роля Беларусі ў вайне ва Украіне ключавая. Акрамя таго, рэжым Лукашэнкі адказны за ваенныя злачынствы ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях не менш за Расію. Так лічыць намеснік дырэктара ўкраінскага Цэнтра даследавання арміі, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь.

— Хоць так званы прэзідэнт Лукашэнка спрабуе пастаянна адмазацца ад гэтага свайго ўдзелу і падкрэслівае, што ён як бы тут ні пры чым. І спрабуе выйсці з сітуацыі сухім. Але на самай справе ва Украіне беларускае кіраўніцтва лічыцца акурат такім жа адказным за правядзенне вайны, як і расійскае кіраўніцтва. І ў стварэнні ўмоў для ваенных злачынстваў у Кіеўскай вобласці: у Бучы, Ірпені, Барадзянцы, а таксама ў Чарнігаўскай вобласці.

Нагадаю, што войскі, якія здзяйснялі ваенныя злачынствы, ішлі з тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, калі б Беларусь была нейтральнай ці не брала ўдзелу ў гэтай вайне, то ніякіх злачынстваў у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях не было б наогул.

Самусь таксама нагадвае, што большасць ракетных удараў, якія былі ў першай фазе па тэрыторыі Украіны, вяліся з тэрыторыі Беларусі. Дэсант, які высаджваўся ў Кіеўскай вобласці з мэтай захопу кіраўніцтва Украіны і правядзення дыверсійных дзеянняў у сталіцы, рухаўся з тэрыторыі Беларусі.

— Акрамя таго, уявіце, што фронт Украіны ў гэтай вайне складае 1800 кіламетраў — гэта велізарная прастора, якую трэба кантраляваць, рэагаваць. З якіх можа ў любы момант паляцець ракета, самалёт, пайсці дэсант, дыверсійная група, сілы спецыяльных аперацый або наземныя войскі. Тое, што і адбывалася на велізарным фронце, калі лічыць нават Кіеўскую, Чарнігаўскую, Сумскую вобласці.

І вядома ж, былі пагрозы і наступу менавіта беларускіх войскаў. Гэта азначала, што ўкраінскія войскі павінны былі расцягвацца, пастаянна рухацца, манеўраваць, спрабуючы закрыць гэты фронт.

Па словах Самуся, калі расійскія войскі пачалі ўцякаць з поўначы Украіны, вядома ж, нагрузка паменшылася. Але, натуральна, украінскія войскі застаюцца там і трымаюць фронт.

— Калі б я планаваў аперацыю на месцы рускіх, то з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей, вядома ж, не выходзіў. У кожным разе паспрабаваў бы там замацавацца максімальна, паколькі менавіта ў гэтых раёнах было найменш падрыхтаванае ўкраінскае войска. Бо ніхто не думаў, што праз Чарнобыльскую зону, праз гэты Руды лес палезуць войскі. Гэта было проста неймаверна. Але вось рускія зрабілі гэтую спробу.

Чаму расійскім войскам так важна было там замацавацца?

— Паколькі гэта стрымала б украінскія войскі, вельмі шмат украінскіх войскаў. Яны б не маглі цяпер браць удзел у баявых дзеяннях на ўсходзе і на поўдні. А калі б яшчэ і беларускія войскі на Валыні пачалі хоць бы імітаваць нейкія наступальныя дзеянні, не абавязкова нават пераходзіць мяжу, гэта б запатрабавала ад украінскіх войскаў яшчэ больш намаганняў на паўночна-заходнім кірунку.

На думку Самуся, да канца вайны напружанасць будзе захоўвацца на ўкраінска-беларускай мяжы.

Створаная па ініцыятыве Уладзіміра Зяленскага група ўкраінскіх і міжнародных экспертаў, якія аналізуюць уплыў санкцый супраць РФ, учора апублікавала план па ўзмацненні ціску на Расію і Беларусь. Сярод іншага Украіна просіць прызнаць іх краінамі — спонсарамі тэрарызму.

— Лукашэнка думаў, што калі ён проста дазволіць рускім войскам атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі, то ён не будзе браць удзелу ў гэтай вайне. На самай справе менавіта ён спонсар тэрарызму, які разгарнуўся з боку Беларусі.

Я шмат разоў прыязджаў у Беларусь і кожны раз казаў, што з яе тэрыторыі магчымы наступ, паколькі фактычна Беларусь хаўрусніца і ўдзельніца Саюзнай дзяржавы. У рамках гэтага ёсць вайсковая групоўка, якая ў кожным разе будзе падпарадкоўвацца Генеральнаму штабу Расійскай Федэрацыі. Так яно і адбылося: тэрыторыя Беларусі цалкам выкарыстоўвалася ў інтарэсах Расіі, — падводзіць вынік Міхаіл Самусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі