"Я бачыла, як плачуць лекары". Фільм, які паказвае стан беларускай медыцыны
Медыцына Беларусі даўно ў крызісе
Як рыхтуюць маладых дактароў у Беларусі, чаму праца ў паліклініцы — пекла, а ўчастковыя тэрапеўты не ставяць дыягназ “грып”? Пра гэта — у дакументальным фільме пра рэаліі беларускай медыцыны, сістэму аховы здароўя і рэпрэсіі над лекарамі ў Беларусі.
Фільм "ГУпоЗ" развенчвае міфы аб даступнасці і якасці медыцынскіх паслуг у Беларусі і аналізуе сістэмныя памылкі — так пра яго пішуць стваральнікі фільма. Ён складаецца з інтэрвью з беларускімі медыкамі, вытрымак з афіцыйных дакументаў і статыстыкі і пошуку адказаў на складаныя пытанні: што ў нашай медыцыне працуе не так і чаму з’язджаюць дактары.
Рэжысёрка фільма — праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская. Яе суразмоўцы — беларускія прафесіяналы сусветнага ўзроўню, якія з'ехалі працаваць за мяжу або былі вымушаныя пакінуць Беларусь з палітычных прычын, а таксама былы галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Максім Ачарэтні, які адмовіўся рэпрэсаваць падначаленых у 2020-м.
Фільм цалкам даступны на YouTube. Еўрарадыё паглядзела яго і выбрала адтуль самыя цікавыя цытаты.
Пра выгаранне і нагрузку
Станіслаў Салавей, гінеколаг, прафсаюзны актывіст, працуе ва Украіне:
— Я памятаю два выпадкі, калі я засынаў у аперацыйнай падчас аперацыі. Адзін раз мы стаялі, я заснуў — і ледзь у рану не зваліўся. Гэта было трэцяе дзяжурства запар. І я быў такі стомлены, што гэтага не памятаю, прайшло проста на аўтапілоце. Гэта, на жаль, небяспечна, скажам так.
Мая Тэракулава, участковы педыятр, рыхтуецца стаць лекарам у Польшчы:
— Я не раз бачыла, як у паліклініках плачуць лекары. Пацыенты лаюцца ў калідорах праз чэргі, праз тое, што іх так шмат, праз нізкую якасць, а потым выклікаюць на дом — і ты пасля 15 гадоў вучобы 4 гадзіны ў дзень проста ходзіш паміж кватэрамі, як нейкі кур'ер, дастаўшчык піцы. І яшчэ атрымліваеш нейкае хамства ў адказ, маўляў, праца ў вас такая, мне бальнічны дахаты прыносіць. І гэта ўсё прыводзіць да вельмі вялікай стомленасці.
І вось я бачыла, як плачуць лекары. Яны ідуць у пакоі прыёму ежы, якія заўсёды пустуюць, бо ў нас няма часу чай піць на працы, і там плачуць. Ад стомленасці, безвыходнасці, ад таго, што хочуць сысці і кінуць сваю прафесію, якой прысвяцілі вельмі шмат гадоў.
Рэч у тым, што арганізавана ўсё так, што занадта шмат патрабаванняў, і яны абсалютныя неадэкватныя і бессэнсоўныя.
Што значыць быць інтэрнам у Беларусі
Васіль, нейрахірург, які цяпер працуе ў Германіі:
— Калі ў Мінску была інтэрнатура хірургічная… ты раскіданы па розных клініках, але ты асабліва нікому не патрэбны як інтэрн. Таму я прыходзіў, дамаўляўся ў іншых лякарнях.
А потым пачынаецца: ідзі, працуй — без асаблівага разумення, што ды як. Калі сам не цікавішся, кнігі не чытаеш, не спрабуеш нешта зразумець, то табе асабіста ніхто тлумачыць не будзе.
Нейрахірургія, хірургія так пабудаваная, што ёсць аперацыі неблатныя і блатныя. Блатныя — дзе людзі табе могуць прынесці грошы, неблатныя — дзе не прынясуць.
Чэрапна-мазгавая траўма ўвогуле нікога не цікавіла, іх шлі і рабілі маладыя, хаця гэта складаная тэма, тут трэба мець разуменне, досвед. А ў нас — ай, ідзі рабі, што ты, дзірку не накруціш у галаве?
Станіслаў Салавей, гінеколаг, прафсаюзны актывіст, працуе ва Украіне:
— У разуменні краін Еўрапейскага саюза, Амерыкі ці ўсяго свету, у нас вельмі хутка рыхтуюць: год ці крыху менш паслядыпломнай падрыхтоўкі. Каб вы разумелі: хірург у Францыі — гэта гадоў 5 падрыхтоўкі, у Амерыцы да 10 будзе набліжацца. Цяпер нават суседнія краіны, — Украіна, Расія, — павялічылі паслядыпломную падрыхтоўку.
Чалавек з дыпломам лекара не робіцца лекарам аўтаматычна, гэта так не працуе. Павінен быць пэўны досвед, пэўная напрацоўка навыкаў.
Памылка лекара — гэта не заўсёды пацыент памёр і на гэтым усё скончылася. Яна можа мець аддаленыя наступствы. Ён атрымае інфаркт не праз 20 гадоў, а праз 5.
Прапушчанае анкалагічнае захворванне — пастанаўка дыягназу на трэцяй стадыі, а не на другой. Шмат дробязяў, якія могуць вельмі моцна адбівацца і на якасці жыцця чалавека, і на працягласці. Падыход "разбярыся сам"... Ты навучышся, калі чалавек з мазгамі, ты будзеш вучыцца на памылках, але памылкі — гэта людзі.
Пра перагрузкі паліклінік, "справаздачы" і грып
Ігар Белацаркоўскі, загадчык аддзялення паталогіі галавы і шыі РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах у 1997-2016, цяпер кіраўнік цэнтра паталогіі галавы і шыі ў цэнтры “Феафанія”, Кіеў:
— 90% праблем, з якімі ў нас звяртаецца пацыент, — гэта праблемы даўрачэбнага ўзроўню. Падвышаная тэмпература праз прастуду, кашаль. У гэтым удзельнічае кваліфікаваны лекар, а з гэтым павінна спраўляцца памочнік лекара, медсястра, якая дае рэкамендацыі, часам нават па тэлефоне.
Урач-неўролаг, працавала ў РНПЦ:
— Калі я адпрацавала ў паліклініцы, я хацела ўвогуле пайсці з медыцыны. У мяне прыём быў ад чалавек 50. Бывалі рэдкія дні, калі іх было 30, але ў сярэднім — ад 50 да 70 чалавек, бывалі дні і па 90. Дзеці першага года жыцця часта аглядаюцца неўролагам, таму ў мяне ў аўторкі быў супераншлаг. А дзеці малыя патрабуюць больш увагі. Гэта быў мой нелюбімы дзень.
Мая Тэракулава, участковы педыятр, рыхтуецца стаць лекарам у Польшчы:
— Усе паперы, якія ёсць у сістэме аховы здароўя, — яны проста адпіскі па шаблонах. Часцяком усе справаздачы пішуцца ў канцы месяца, калі іх трэба здаваць, за 15 хвілін, з фантазіі, проста з галавы. Ніхто не рэгіструе інфекцыйныя захворванні — па іх трэба пісаць вельмі шмат. Падазрэнні на анкалогію, любыя падазрэнні на нешта сур'ёзнае не будуць афармляцца, бо яны патрабуюць велізарнай колькасці часу на запаўненне папер.
Мы лечым монануклеёз як належыць, паводле пратаколаў, але запісваем гэта як рэспіраторную інфекцыю, быццам гэта соплі. Таму калі гаворка пра нейкую статыстыку ў ахове здароўя Беларусі, гэта заўсёды сумнеўныя звесткі. Ужо з самых нізоў яна ілжывая.
Калі ў справаздачах, якія ты даеш, нешта не так, як павінна быць з пункту гледжання Міністэрства аховы здароўя, напрыклад, вакцынавана не 60% ад грыпу, а 40%, цябе пазбавяць за гэта прэміі. А ніхто не хоча пазбаўляцца свайго заробку! І ўсё пішуць: вакцынавана 60%.
А потым, на наступны год, закупляецца тая ж колькасць вакцын. І па-ранейшаму вакцынуюцца 20%, а астатняе зліваецца ў ракавіну.
Лідзія Тарасенка, урач-эндаскапіст, каардынатарка Фонда медыцынскай салідарнасці:
— Грамадства не разумее, не бачыць гэтых праблем. Я не хачу ў некага камень кінуць, я не ведаю, дзе хвост у гэтага заганнага круга. Праз тое, што праблемы замоўчваюцца, няма палітычнай, грамадскай волі, каб абмяркоўваць нейкія важныя праблемы, іх нібыта няма.
З года ў год кажуць: вы ведалі, куды ішлі, на каго вы кінеце пацыентаў… Большасць людзей у найлепшым выпадку здагадваецца, што за гэтымі фразамі нешта не тое, але нават складана сабе ў галаве сфармуляваць, што менавіта, бо ўсе, падаецца, так і жывуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.