"Я чалавек моцны": Латушка пракаментаваў "расстрэльны" артыкул

Павел Латушка ў студыі Еўрарадыё
Павел Латушка ў студыі Еўрарадыё

"Гэта чацвёртая крымінальная справа, якая ўзбуджана ў адносінах да мяне за апошні час. Наколькі я разумею, гэта яшчэ не канец, Крымінальны Кодэкс досыць доўгі", — пракаментаваў Павел Латушка тэлеканалу "Дождж" абвінавачванне па "расстрэльным" артыкуле у свой адрас.

Паводле яго, "гэта ўсё трэба разглядаць у элементах запалохвання для таго, каб дэматываваць дэмакратычныя сілы ў сваёй дзейнасці".

2 красавіка стала вядома, што КДБ уключыў былога амбасадара ў спіс тэрарыстаў на падставе абвінавачання па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), якое прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў або пажыццёвага зняволення, альбо смяротнага пакарання. Ён кажа, што такім чынам "кола замкнулася".

"Вядома я ўспамінаю сітуацыю, калі некалькі гадоў таму ў размове са мной Лукашэнка сказаў:" Калі ты мне здрадзіш, я задушу цябе ўласнымі рукамі". Зараз, калі я ўжо заняў пазіцыю, дастаткова адкрытую, ён заявіў публічна, перад тым, як я пакінуў Беларусь і з'ехаў у Польшчу, што я перайшоў чырвоную лінію і буду адказваць перад законам. Я ўспамінаю словы Церцеля, старшыні КДБ, які сказаў, што беларускі народ (ну ён мае нібыта права казаць ад імя беларускага народа) знойдзе ўсіх сваіх здраднікаў і прыцягне да адказнасці. Так што ланцужок замкнуўся, кола замкнулася: асабістая пагроза задушыць рукамі, заява старшыні КДБ і артыкул Крымінальнага кодэкса, частка трэцяя 289-й, якая прадугледжвае растрэл".

Прадстаўнік Каардынацыйнай рады прызнаецца, што па прычыне апошніх навін як нармальны чалавек адчувае "пэўныя псіхалагічныя нязручнасці", але як чалавек моцны ён будзе "ісці да канца".

Па словах Латушкі, беларускія ўлады збіраюцца падаць запыт генеральным пракуратурам Літвы і Польшчы аб выдачы яго і Святланы Ціханоўскай Беларусі.

"Якое рашэнне прымуць польскія ўлады — гэта рашэнне польскіх уладаў. У астатнім я працягваю сваю дзейнасць", — сказаў дыпламат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі