Як беларусы выжываюць у чэргах на польскай і літоўскай межах
"Там з вамі ў аўтобусе мая дзяўчына едзе. Перадайце, што сумую і чакаю. Але на самалёт з Варшавы мы спазніліся"
Беларусы трацяць па 12 гадзін на тое, каб прайсці мяжу з краінамі Еўрасаюза. Аптымісты кажуць, што ў сакавіку і нават на мінулым тыдні было "ў разы горш". Як яны гэта вывозяць?
"НЕ ЕДЗЬ ТУДЫ, ТАМ ЯШЧЭ ГОРШ"
У памежных чатах апошнія дні ажыўлена. Беларусы гадзінамі чакаюць магчымасці перасекчы мяжу з ЕС і дзеляцца назіраннямі, каб тыя, хто паедзе следам, лепш разумелі маштабы катастрофы. Аўтобусныя паркі дасылаюць беларусам смскі з абвесткамі, што праз затрымкі на мяжы іх аўтобус выедзе на 3-5 гадзін пазней.
А маштаб катастрофы такі: каб прыехаць у ЕС праз польскую мяжу, чакаць трэба каля 12 гадзін.
Многія раяць не арыентавацца на лічбы, пазначаныя на сайце ДПК. Там лічаць толькі аўтамабілі, якія ўжо стаяць у зоне чакання. Адзін з кіроўцаў дзеліцца сваім досведам: толькі каб трапіць у гэтую зону, яму давялося прачакаць каля пяці гадзін.
"Ведаў бы — праз Літву б паехаў", — скардзіцца мужчына ўжо пасля 12 гадзін у чарзе.
"ТАМ ЯШЧЭ ГОРШ!" — адказваюць яму.
Але цяпер, мяркуючы з запісаў у чатах, абстаноўка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску "Каменны Лог" крыху нармалізавалася. Аўтобусам з Мінска да Вільні пасажыры дабраліся амаль без адхілення ад раскладу.
І даўно так?
З 1 сакавіка гэтага года на беларуска-літоўскай мяжы засталіся працоўнымі толькі два памежныя пераходы: "Мядзінінкай — Каменны Лог" і "Шальчынінкай — Беняконі". Акрамя таго, падарожнікам забаранілі перасякаць мяжу з Беларуссю праз літоўскія пункты пропуску пешшу і на ровары.
На беларуска-польскай мяжы для легкавых аўто працуе толькі адзін памежпераход "Брэст — Тэрэспаль".
Увогуле, як і пішуць у чаце, — усё дрэнна. А гэта мы яшчэ не ўступілі ў сезон адпачынкаў. Памятаеце, якой была абстаноўка на мяжы пад Новы год? Нагадваем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.