Як будуць рабіць тэсты на наркотыкі і чаму дагэтуль працуюць наркасайты?
Міліцыя і Мінздароўя расказалі пра карупцыю ў наркагандлі і завядзенне новых справаў, паведамілі пра кошты на лячэнне і экспертызы
Папулярныя сайты, праз якія ў Беларусі прадаюць спайсы, працягваюць працаваць, нягледзячы на тое, што набыў моц антынаркатычны Дэкрэт №6.
Нядаўна у Беларусі былі недаступныя незалежныя інфармацыйныя сайты gazetaby.com, naviny.by, udf.by і некаторыя іншыя. Чаму ж маецца доступ да папулярнага наркасайту, хай сабе ён і замежны?
Падчас прэс-канферэнцыі 14-га студзеня кіраўнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч растлумачыў сітуацыю.
Ці ўдарылі новыя законы па наркадылерах?
“Я чакаў, што такое пытанне будзе, — дэманструе палкоўнік паперу з тузінам наркасайтаў, якія працуюць у Беларусі. — Мы іх усе ведаем, усе яны ў нас улічаныя. На гэты конт адбылася працоўная нарада са Следчым камітэтам. Мы вызначыліся, што раз яны расследуюць крымінальныя справы і накіроўваюць іх у суд, то інфармацыя аб закрыцці сайтаў будзе сыходзіць ад следчых. Як толькі следчы прыйшоў да высновы, што сайт трэба закрываць, інфармацыя пастаўляецца ў МУС, а МУС накіроўвае яе ў Мінсувязі. На мінулым тыдні ў Мінсувязі быў накіраваны дакумент на закрыццё шасці такіх сайтаў. Як толькі дэкрэт запрацуе ў поўную моц, усё будзе адбывацца яшчэ хутчэй”.
Пры гэтым Васіль Лосіч канстатуе, што праца наркасайтаў — гэта адзін з метадаў, каб лавіць дылераў:
“Ёсць, зразумела, спецыфіка аператыўнай работы. Мы вядзём свае гульні, нам важна дайсці да канкрэтнага пастаўшчыка, знайсці збытчыка, выявіць канал пастаўкі”.
Закрываючы тэму з сайтамі, галоўны наркапаліцэйскі паказаў раздрукоўкі інтэрнэт-аб’яў з загалоўкамі “Патрабуюцца закладчыкі”.
“Пасля выхаду Дэкрэта наркадылеры адчуваюць дэфіцыт у той пяхоце, якая выкарыстоўвалася для закладак наркотыкаў. У тым ліку гэта сведчыць пра тое, што новы закон ужо добра працуе”, — падкрэсліў палкоўнік.
“Не абышлося без карупцыі. Некаторыя праваахоўнікі дапамагалі наркадылерам”
У сярэдзіне 2000-х міліцыю крытыкавалі за следчыя эксперыменты, калі людзей па сутнасці правакавалі на продаж наркотыкаў. Тых, хто спакушаўся на грошы, бралі на гарачым і давалі тэрміны.
Сёння Упраўленне па наркакантролі МУС заяўляе, што расце колькасць крымінальных спраў у адносінах да непасрэдных збытчыкаў. Хоць выяўляць іх няпроста. Аб’явы выстаўляюцца ў інтэрнэце, грошы залічваюцца на электронны рахунак. Пакупнік забірае наркотык у загадзя падрыхтаванай схованцы. Але і такіх спрытных дылераў затрымліваюць. 66 крымінальных спраў такога плану знаходзяцца ў судах.
“Была затрыманая вялікая колькасць злачынцаў. Не абышлося без карупцыйнага складніку. Некаторыя прадстаўнікі праваахоўных органаў аказвалі ім спрыянне. Раскрыць падрабязнасці такіх крымінальных спраў пакуль не можам”, — кажа Лосіч.
Першыя трафеі Дэкрэту: 3 крымінальныя справы і 17 адміністрацыйных пратаколаў
У панядзелак, 13 студзеня, распачалі тры крымінальныя справы на нормах новага закона. Усе нарказлачынствы здзяйсняліся ў Мінску.
На пачатак тыдня па краіне як мінімум пецярых чалавек прыцягнулі да адказнасці: у Пінску, Мінску, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Было складзена яшчэ як мінімум 12 матэрыялаў, але экспертызы не былі цалкам скончаныя.
“Найчасцей будуць трапляцца наркаспажыўцы са стажам, якія неадэкватна паводзяць сябе на дварэ, — кажа Лосіч пра спажыўцоў, якім з новага года таксама пагражае адказнасць. — Галоўная мэта — прафілактычны эффект, які накіраваная на тых, хто яшчэ не спрабаваў наркотыкі, але думае пра гэта. Па-другое, патрэбны быў інструмент каб выводзіць закаранелых наркаспажыўцоў з цені і афармляць іх у ЛПП, калі тыя не жадаюць лячыцца і дастаўляюць праблемы родным ды суседзям”.
З-за алкаголю смерцяў прыкладна ў 30 разоў больш, чым з-за наркотыкаў
1351 чалавек трапіў у лячэбныя ўстановы з-за перадозу. Загінула 32 чалавекі.
Галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў паведаміў, што ў рэабілітацыйных цэнтрах адно койкамесца абыходзіцца дзяржаве прыкладна ў 2 мільёны рублёў за суткі. Адно даследаване наконт наркатычнага ап’янення каштуе каля 350 тысяч. Цягам года былі зробленыя 10822 такіх даследаванняў.
“Лічбы сведчаць аб схаванай эпідэміі наркаспажывання, — лічыць Іван Канаразаў. — Але калі прааналізаваць атручэнні са смяротным зыходам, то з-за алкаголю смерцяў прыкладна ў 30 разоў больш, чым з-за наркотыкаў”.
За мінулы год было выяўлена 7319 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Прырост склаў больш як 46%. У 4,5 разоў вырасла статыстыка па крымінальных справах з удзелам непаўнагадовых. Выяўлена 389 такіх юных фігурантаў.
Як будзе выглядаць тэставанне навучэнцаў на наркотыкі
Раптоўна рабіць аблавы на школы ды браць аналізы крыві не будуць. Як у прысутнасці прадстаўніка Мінадукацыі патлумачыў галоўны нарколаг Мінздароўя, у навучальных установах будуць праводзіцца псіхасацыяльныя тэставанні навучэнцаў, каб выяўляць групы рызыкі. “Няўдачнікаў” будуць накіроўваць на комплексны медагляд для глыбейшага выяўлення праблемы і яе вырашэння. Каб адправіць навучэнца на гэты медаглад, будзе неабходны дазвол ад бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў.