Як чыноўнікі “недармаедаў” супакойвалі: Прыйшоў на прыём і ў нас мітынг правёў

Як чыноўнікі “недармаедаў” супакойвалі: Прыйшоў на прыём і ў нас мітынг правёў

Мітынгі “недармаедаў” праходзяць ў Маладзечне, Пінску, Оршы, Бабруйску, Брэсце, Рагачове. У гэтых гарадах збіраецца ад 400 да тысячы чалавек. Людзі патрабуюць адмены дэкрэта “аб дармаедах”, рэформаў, новых працоўных месцаў, павышэння пенсій і заробкаў.

“На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай працы, паколькі гэтая праца праваленая ў Мінску, буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады", ― выказваецца напярэдадні Аляксандр Лукашэнка.

У Рагачове, дзе 12 сакавіка сабралося каля 400 пратэстоўцаў начальнікі вертыкалі нікога не дачакаліся.

“Была ж акцыя, але нашых паслуг ніхто не пажадаў, не з’явіліся ў нас тыя, хто выходзіў на плошчу”, ― перажываюць у гарвыканкаме.

Тысяча чалавек збіраецца на галоўнай плошчы ў Оршы. Да чыноўнікаў ніхто не ідзе.

“Мы людзям стварылі ўмовы, каб паразмаўляць, калі ўжо яны прыйшлі. Але арганізатары не былі настроеныя, каб размаўляць”, ― кажуць у гарвыканкаме Оршы.

Таму з ўдзельнікамі “паразмаўлялі” па-іншаму: былі затрыманыя больш за 10 чалавек. Журналістаў “Нашай нівы”, “Народных навінаў Віцебска” і партала naviny.by затрымалі яшчэ да акцыі, на вакзале. Пасля акцыі былі затрыманыя журналісты “Белсата” і “Радыё свабода”, ім прысудзілі штрафы і ноч пратрымалі за кратамі. Таксама затрымалі Паўла Севярынца.

У Бабруйску 12 сакавіка на плошчы збіраецца каля 700 чалавек. У гэты ж час праходзіць грамадскі прыём у гарвыканкаме наконт дэкрэта “Аб дармаедах”. Туды прыходзіць 20 чалавек і адзін з мітынгоўцаў.

“Ён быў на плошчы, а пасля мітынг у нас прадоўжыў, дэкламаваў тут наконт усяго”, ― каротка гавораць у гарвыканкаме.

На цэнтральнай плошчы Маладзечна 11 сакавіка збіраецца да 700 чалавек. Асноўныя патрабаванні мітынгуючых: адмена дэкрэта нумар 3, эканамічныя рэформы. Да пратэстуючых нават выходзіць кіраўнік райвыканкама Яхнавец і запрашае на перамовы. Але ніхто не ідзе. У райвыканкаме кажуць, што “людзі не захацелі нічога абмяркоўваць”.

Пасля мітынгу затрымліваюць пяць чалавек: лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, Вольгу Кавалькову ды Сяргея Каралевіча, журналіста БелаПАН. Сяргея Каралевіча адпускаюць вечарам таго ж дня. Іншым даюць ад 7 да 15 сутак. 

А цяпер паглядзім, што па законе могуць зрабіць для людзей мясцовыя органы ўлады. Дэкрэт адмяніць яны не могуць, гэтым займаецца Адміністрацыя прэзідэнта, бо там яго распрацоўвалі. Пенсіі павышаюцца указам прэзідэнта, заробкі бюджэтнікам павышае Мінпрацы, а на прыватных прадпрыемствах гэтым займаецца кіраўнік арганізацыі. Таму асноўныя патрабаванні людзей, якія выходзяць на мітынгі, мясцовыя ўлады вырашыць не могуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі