Як “дармаеды” да Якабсона хадзілі: Мне што, апошні стары тэлевізар прадаць?

Як “дармаеды” да Якабсона хадзілі: Мне што, апошні стары тэлевізар прадаць?

“А з чаго мне гэты падатак плаціць, хіба апошні стары тэлевізар прадаць”, — абураецца жанчына ў чарзе да памочніка кіраўніка краіны Аляксандра Якабсона, які вядзе прыём у адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Пакуль чыноўнік яе не прыняў, дзяліцца сваёй гісторыяй яна не хоча.

З самай раніцы ля кабінета чыноўніка чарга з двух дзясяткаў чалавек. Але “дармаеды” тут не ўсе, многія з пытаннямі прыватызацыі, уласнасці на кватэру, выплат заробку.

Аксане паабяцалі вызваліць ад падатку. Трэба толькі сабраць даведкі.

Як “дармаеды” да Якабсона хадзілі: Мне што, апошні стары тэлевізар прадаць?
Аксана

“У мяне была пастаянная пагроза выкідышу, да таго ж траўма пазваночніка. Таму на працу я не ўладкоўвалася. На працу я ўладкавалася толькі перад дэкрэтным, і тое са складанасцямі. Бо не ўсе хочуць браць цяжарных. У мяне толькі 116 працоўных дзён, таму я — “дармаед”. У падатковай мне нічым не дапамаглі, а тут сказалі, што падатак здымуць”.

Яўген Кандраценка прабыў за мяжой 181 дзень у 2015 годзе, а да гэтага працаваў два месяцы. “Ліст шчасця” ён усё адно атрымаў, у падатковай нічым не дапамаглі.

Як “дармаеды” да Якабсона хадзілі: Мне што, апошні стары тэлевізар прадаць?
Яўген

“Першыя два месяцы я працаваў, пасля доўгі час быў за мяжой. Але гэтыя звесткі падатковая да ўвагі не ўзяла, бо не мае кантакту з Памежнай службай. Я ўзяў дакументы, што не быў у краіне і што працаваў першыя два месяцы. У самой падатковай, калі я пытаўся, што рабіць, там проста разводзілі рукамі. А тут сказалі, якія дакументы трэба сабраць, камісія пагадзілася з маімі дакументамі, пытанне паабяцалі вырашыць”.

Былая настаўніца і маці ў дэкрэце Алена прыходзіць на прыём да Аляксандра Якабсона з маленькай Евай. Стала “дармаедкай”, бо не магла працаваць з-за няпростай цяжарнасці.

Як “дармаеды” да Якабсона хадзілі: Мне што, апошні стары тэлевізар прадаць?
Алена і Ева

“Якабсон сказаў, што не бачыць прычын, каб не вызваляць мяне ад падатку. У 2015 годзе я не працавала са жніўня, на першым трыместры цяжарнасці ў мяне пачаўся таксікоз, я не магла працаваць. А да лекара не хадзіла, была дома. Але тут пайшлі насустрач, нібыта”.

Бліжэй да 13:00 у чарзе застаецца каля дзясятка чалавек. З іх толькі некалькі ― “дармаеды”. Яшчэ адзін наведвальнік прыйшоў даведацца, ці не дармаед ён, нават не маючы “ліста шчасця”. Хоча наўпрост спытаць у чыноўніка. Бо ён працуе ў грамадскай арганізацыі. 

Еўрарадыё адсочыць, ці сапраўды адменяць падатак на “дармаедства” тым, каму Аляксандр Якабсон гэта паабяцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі