Як Еўрарадыё шукала залаты батон і залаты ўнітаз у рэзідэнцыі Януковіча
Як выглядае Межыгор’е, што з раскошы засталося ў рэзідэнцыі Януковіча, хто яе даглядае і чаму новыя ўлады яе не “прыватызавалі” высвятляе Еўрарадыё
Паездка ў Межыгор’е, рэзідэнцыю былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, стала ў апошнія месяцы ледзь не самым папулярным турыстычным маршрутам. З цэнтра Кіева дарога займае хвілін 30 на таксі. Нягледзячы на папулярнасць маршрута, туды не возяць арганізавана і не пусцілі грамадскі транспарт.
Трапіць на тэрыторыю можа кожны ахвочы — за 20 грыўняў, што менш за 2 долары. Такая ж цана і для наведвання гаража Януковіча, кіналагічнага цэнтра, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ды іншых асобных “атракцыёнаў” на тэрыторыі рэзідэнцыі.
Жадаючых наведаць Межыгор'е штодня прыязджае вельмі шмат
Па словах маіх кіеўскіх сяброў, браць плату з турыстаў у Межыгор’і пачалі зусім нядаўна. Яшчэ два месяцы таму кожны ахвочы, а іх было вельмі шмат, праходзіў на тэрыторыю без ніякіх грошай. Толькі “хонка”, дом Віктара Януковіча, і цяпер стаіць апячатаны — турыстаў туды не пускаюць. Праўда, тычыцца гэта не ўсіх, але пра тое, як я наведаў “святая святых” Межыгор’я, крыху пазней.
Плошча рэзідэнцыі — звыш 140 гектараў. Паглядзець, як жыў просты ўкраінскі прэзідэнт нават у будні (я там быў у аўторак) прыехалі сотні як мясцовых, так і замежных турыстаў. Звычайны маршрут пралягае па сцяжынках уздоўж “касметычкі для прэзідэнта” ці аздараўленчага комплексу, ля вялізнага вулічнага мангала да прэзідэнцкай “хонкі” на беразе двух штучных азёр. І далей: праз гнутыя масткі ля азярца з фантанамі і сапраўдны хвойны лес да аплеценага дротам “пад напругай” берага Кіеўскага мора (“Электрычнасць па дроце не пускаюць — каб дзеці не пацярпелі”, — тлумачыць нам “гід”).
Мангал на вуліцы ла прэзідэнцкай "хонкі"
Так выглядае дом Віктара Януковіча з другога берага штучнага возера
Абапал сцяжынкі — авечкі за агароджай, клеткі з фазанамі на любы кулінарны густ гурмана Януковіча, яхта-рэстаран, галубятня… Па сцежцы бегаюць ручныя вавёркі, ля яхты фатаграфуюцца маладажоны, між сосен скачуць дзікія, але зусім не палахлівыя зайцы. Дзе-нідзе ўздоўж турыстычнага маршрута ўжо паспелі паставіць шапікі з марожаным, напоямі ды іншай сувенірнай ды харчовай драбязой.
Зайцы ў рукі не даюцца, але і людзей не баяцца
Чароўная лічба 20 грыўняў з чалавека дазволіла нам мець свайго гіда — абазнанага ў гісторыі і сучаснасці Межыгор’я мясцовага жыхара Генадзя Мікалаевіча. “Не, мяне сюды на працу і не ўзялі б — нядобранадзейны”, — адказвае ён на маё правакацыйнае пытанне, кім працаваў у Межыгор’і за былым гаспадаром.
“Раней тут працавала каля тысячы азеляняльнікаў, а яшчэ прыбіральшчыцы, кухары, ахоўнікі і гэтак далей. Як Януковіч збег, то і яны ўсе разышліся. Але ж за ўсёй гэтай гаспадаркай трэба сачыць, каб яна не заняпала і людзей папрасілі вярнуцца. Ім трэба плаціць, як і аплачваць электраэнергію, вось і ўвялі плату за ўваход для турыстаў. Дзяржава не дае ні капейкі і на баланс канкрэтнай установы рэзідэнцыю не пераводзіць”, — тлумачыць змены ў сістэме наведвання Межыгор’я Генадзь Мікалаевіч.
Да слова, за Януковічам толькі за электрычнасць, што спажывала Межыгор’е, з бюджэту краіны выдаткоўвалася 3,5 мільёна грыўняў штомесяц. Каля 4 мільёнаў грыўняў штомесяц “цягнула” аплата газу.
"Прэзідэнцкі" ьераг Кіеўскага мора раней быў "пад напругай"
Па дарозе высвятляецца, што сам Генадзь Мікалаевіч у мінулым — журналіст канала ICTV, грамадскі актывіст, ад разгону студэнтаў — пастаянна на Майдане. На выбарах галасаваў за Парашэнку, але падчас размовы і да месца, і не да месца станоўча ўзгадвае Ляшко. Прыклад? Калі ласка: цікаўлюся, хто з кіраўнікоў Украіны жыў раней у Межыгор’і і колькі гадоў тут гаспадарыў Віктар Януковіч. “Тут жыў Хрушчоў, потым — Шчарбіцкі, паміж Шчарбіцкім і Януковічам тут было прадстаўніцтва Расіі, а потым ужо і ён сам. Спачатку, калі яшчэ быў прэм’ер-міністрам, стаў сюды адной нагой, потым — дзвюма, а затым і ўсёй сракай сюды плюхнуўся. Я вам простымі словамі кажу, выбачайце, але так ёсць, інакш не скажаш. Вось так і Ляшко заўсёды простымі словамі праўду рэжа — так і трэба!”
Гід вядзе нас па тэрыторыі Межыгор’я і звяртае ўвагу на яго нахабнае багацце: “Паглядзіце на гэтыя ліхтары, яны стаяць па ўсёй тэрыторыі, і на кожным зверху каралеўская карона, а ўнізе — дваранскі герб Януковіча. Але адкуль у яго генеалогіі царскія карані, вам лепш ведаць — можа, у беларускай вёсцы Янукі, адкуль яго продкі, кожны ці то цар, ці то князь”.
Каранаваныя ліхтары Віктара Януковіча
Стукае па бервяне “хонкі”: “Дом складзены з фінскай сасны, узростам не менш за 100 гадоў. Прычым кожнае вялікае бервяно складаецца з 6 бярвёнаў меншага памеру. Будавала дом фінская фірма Honka, адсюль, дарэчы, і народная назва будынка. А Honka будуе толькі з экалагічна чыстага матэрыялу, таму дом экалагічна чысты, і каштаваў ён 10 мільёнаў долараў. Кажуць, па стылі безгустоўны. Не ведаю, у густах дамоў не разбіраюся. Але ўтрымліваць такі дом — людзі добрыя! — штаноў не ўтрымаеш. Адно магу сказаць: дом вялікі, а жыць няма дзе”.
У зале яхты-рэстарана -- погляд праз шкло
Нашага гіда абурае, колькі народных грошай былы прэзідэнт краіны паклаў на свой камфорт. Але, як робіцца відавочным напрыканцы экскурсіі, больш за ўсё яму баліць тое, што калісьці ў Межыгор’і зруйнавалі “святы Межыгорскі манастыр”. Куды прыязджаў Тарас Шаўчэнка, дзе пахаваныя 688 “душ духавенства”, дзе марыў быць пахаваным кожны казак. Але гэты шчыры маналог лепш слухаць: Генадзь Мікалаевіч не толькі добра распавядае, але і выдатна чытае Шаўчэнку.
Раскоша і велічыня рэзідэнцыі ўражвае. Генадзь Мікалаевіч раптам цікавіцца: ці маем мы жаданне трапіць у “харомы” Януковіча — прагуляцца па “хонцы”? Праўда, адразу папярэджвае: каштаваць гэта будзе ўжо нашмат больш — па 200 грыўняў, каля 18 долараў, з чалавека. Пагаджаемся, і гід набірае нумар: “Пятро, зможаш прыняць дэлегацыю з 5 чалавек?” Пасля нядоўгіх перамоваў накіроўвае нас да “прэзідэнцкай касметычкі”, што стаіць на адлегласці метраў 120 ад “прэзідэнцкага доміка”.
Спачатку сумняваўся — ці не задорага каштуе экскурсія ў асабістыя апартаменты былога прэзідэнта Украіны? На самай справе і магчымасць убачыць раскошу, і пагаварыць з нашым новым суправаджальнікам каштавалі тых грошай. Ды і адзін яго “прыкід” чаго каштуе: чырвона-чорны сцяг на плячах, гуцульская камізэлька пад ім і невядомай этнічнай прыналежнасці пантофлі.
У першым даю магчымасць пераканацца на ўласныя вочы з дапамогай фота, другое перадаю ў выглядзе маналогаў львоўскага “дробнага прадпрымальніка з рынка” Пятра Алейніка і маіх з ім дыялогаў. Чалавека, які зайшоў у дом Віктара Януковіча 23 красавіка, на другі дзень пасля таго, як той уцёк з Межыгор’я, і да гэтага часу выконвае там ролю ахоўніка, даглядчыка і… экскурсавода. Часам Пятра “заносіла” далёка ўбок ад “экскурсійнай праграмы па прэзідэнцкай хонцы”, як сам прызнаецца — набалела.
Выдаўшы ўсім “турыстам” бахілы (тут паўсюль паркет, прыбірай потым за вамі!), Пятро пачынае аповед пра быт Януковіча з экскурсу ў сваю майданаўскую гісторыю.
“24 студзеня я купіў сабе гэты сцяг, накінуў на плечы, пакінуў дома малога сына і прыехаў з Львова ў Кіеў. Сказаў: пакуль не пераможам — сцяг не здыму! І да гэтага часу яго не здымаю, бо яшчэ не перамаглі".
Еўрарадыё: Чакай, што значыць не перамаглі? Ты, хлопец з Львова, у рэзідэнцыі Януковіча, Парашэнку новым прэзідэнтам абралі…
Пятро Алейнік: Пераможам тады, калі скінем усіх. Бо цяпер ізноў вяртаюцца ў Вярхоўную Раду ўсе тыя, хто нам хацеў забараніць, узнімалі рукі, нам не тое што тут нешта рабіць і змагацца, але нават гаварыць пра іх — што хтосьці з іх краў і гэтак далей. Бо ў большасці з іх ёсць каштоўнасці, якія яны накралі.
Еўрарадыё: Я так разумею, што ты тут ужо больш за 5 месяцаў, а дзіця там адно?!
Пятро Алейнік: Чаму адно, з бабуляй. А што зробіш? Мусіць нехта тут неяк змагацца. Бо яны думалі, што на Майдане мы ўсе збяромся і адразу з Майдана рванём на Крым, калі яны сказалі, што Крым аддзяляецца. Але не атрымалася. Думалі, што калі аднаго-другога застрэляць, то мы таксама збяромся і ўцячом — таксама не атрымалася. Не ўсім я веру! Бо можа аказацца, што і Дом прафсаюзаў падпалілі яны ж, а не “Беркут”. А можа быць і так, што падпалілі, каб “Беркут” не зайшоў. Але праз той дом таксама багата каштоўнасцяў прайшло, якія былі скрадзеныя проста: з аднаго боку заязджалі рэчы, а з другога — выязджалі. І людзі ўзбагачаліся. Каму вайна, а каму маці родная! Частка людзей проста лезла да ўлады і залезла праз смерці. І далей хоча заставацца праз смерці тых, хто хоча вызваліць краіну ад нечысці…
Еўрарадыё: А хто ты па прафесіі -- чым да Майдана ў Львове займаўся?
Пятро Алейнік: Па прафесіі... ніхто! Меў на рынку маленькі шапік, гандляваў: там купіў, тут перапрадаў. А што рабіць, як жыць? Ну, не красці ж?!
Еўрарадыё: Днём ты тут, даглядаеш гаспадарку, водзіш экскурсіі, а ноччу? І як харчуешся?
Пятро Алейнік: Тут мы і днём і ноччу. Мы — гэта двое чалавек: я і яшчэ адна дзяўчына. Яшчэ ўзялі на працу прыбіральшчыцу, якая і раней тут прыбірала. Але яна працуе да 17 вечара, атрымлівае 3 тысячы грыўняў у месяц — ужо сышла. На нас адказнасць за два будынкі: ФАК і хонка. А ежу сабе гатуем самі, тут жа, раз на тыдзень ездзім у Кіеў, набываем патрэбнага адразу на тыдзень. Тут жа ўсё неабходнае ёсць.
Еўрарадыё: Жыць можна! І доўга ты тут плануеш быць за гаспадара?
Пятро Алейнік: Пакуль не прыйдзе хоць нейкі гаспадар, якому можна будзе даверыць усё гэта.
Еўрарадыё: І каму б ты даверыў, ёсць такі на прыкмеце?
Пятро Алейнік: Хай Парашэнка сюды прыйдзе і афіцыйна прызначыць некага чалавека. Я яму перадам усю гаспадарку, хай ён усе рэчы апіша, ацэніць — каб я мог праз год ці два сюды прыехаць і ўбачыць, што яны гэтыя рэчы не пакралі і не забралі сабе дамоў. Каб не было так, як паказваюць: вось быў завод, і ён банкрут. Трах-бах — і ўжо нейкі алігарх сабе гэтага банкрута забраў, і ён працуе і прыбытак алігарху прыносіць! Так у нас ва Украіне забіралі рэчы і паказвалі, што наша Украіна — самая бедная краіна. Зараз вы пройдзецеся па будынку і ўбачыце, што наша Украіна — самая багатая краіна ў свеце! Проста свалата пакрала ўсё, падзяліла паміж сабой і павывозіла рахункі за мяжу. А калі б яны гэтыя грошы не вывозілі, а “круцілі” іх тут, то ў нас і краіна была б багатая, і заробкі ў людзей, і быў бы парадак. Давай, пайшлі.
Пачынаецца ўсё з тэніснага корта, далей праходзім праз аранжарэю да комплексу кабінетаў спа-працэдур.
Наш гід тлумачыць: "У аранжарэі ўсе кветкі і расліны жывыя, мы іх даглядаем, тут чучала ільва стаіць — не ведаю, ці ён сам яго застрэліў, ці яму падаравалі. Перад кабінетамі працэдур ёсць “рэцэпшн” на якім нават “кніга гасцей” ляжала. Нават запісы былі: сусед 1 і сусед 2. Што за суседзі, не ведаю, можа Яцанюк які — яго маёнтак тут метраў за 500 за плотам. Ён тут быў, дарэчы, у першыя дні, як Януковіч уцёк. У яго тады людзі запыталіся: “Што рабіць з Межыгор’ем?” І ён адказаў: “Ой, не ведаю!” Вось я б запытаўся ў гэтай дзяціны: “Калі ты не ведаеш, што рабіць з маленькай мясцінай, то што ты хочаш рабіць з цэлай дзяржавай?!” Ладна, ты паглядзі, якія касмічныя апараты былі ў Януковіча для розных касметычных працэдур — свой для кожнай часткі цела і ў асобным кабінеце!"
Еўрарадыё: Слухай, не магу ўтрымацца: што ў цябе за тапкі цудныя такія — львоўскія?
Пятро Алейнік: Ну так. Відаць Януковіча — тут знайшоў. Хадзіць у нечым трэба. Камізэльку таксама тут знайшоў, на кухні, у памяшканні кухара. Можа, у такой форме яму падавалі ежу. Заходзь, гэта масажная для цела. Бач, якія агрэгаты стаяць. Усе працуюць, хоць сёння можна прыходзіць і прымаць працэдуру. Усё новае, набывалася не пазней чым 4 гады таму. Побач кабінет — масажны для твару, далей манікюрны. У кожным пакоі ёсць свой душ і прыбіральня. Далей — спартзал. Тут табе і трэнажоры розныя, і рынг баксёрскі. Людзі, што тут працавалі, кажуць, што ў гэтай зале ён (Януковіч — Еўрарадыё) не займаўся. Быў, можа, разоў 15 за ўвесь час. Тут гардэробныя, дзе былі яго розныя кашулі, касцюмы, трусы. Нават на трусах было вышыта “ВФЯ”.
Прэзідэнцкія тапкі дробнаму прадпрымальніку не ціснуць
Еўрарадыё: Нешта гардэробныя пустыя — дзе трусы?!
Пятро Алейнік: Касцюмы я збярог, сарочкі таксама ёсць і нават некалькі трусоў засталося. Так і стараюцца скрасці тыя трусы! Ёсць такія рэчы, якія я ўжо па пяць разоў перахоўваю — ёсць людзі, якія так і стараюцца нешта цішком знесці. Вось цяпер мы ідзем падземным пераходам з ФАКа да хонкі, і па ўсім ім былі развешаныя карціны — я іх усе паздымаў і пахаваў. На маю думку, сам Януковіч з дома забраў зброю, дробныя рэчы кшталту дыяментаў ды алмазаў, з хатняй царквы — частку ікон. Усё астатняе засталося на месцы і пасля таго, як я сюды зайшоў раніцай 23 красавіка, зніклі толькі нейкія дробныя рэчы — гадзіннікі, капейкі, ручкі. Увесь алкаголь, што быў, павыпівалі... не круці ты кранік на той бочцы! Бо з 22 па 23 красавіка яны цэлую ноч тут марадзёрнічалі…
З іконы ў хатняй царкве скралі літару "О", упрыгожаную каштоўнымі камянямі
Еўрарадыё: Хто яны?
Пятро Алейнік: Адны з сотні… Ведаю, хто, і калі трэба будзе — пакажу. Калі будзе жаданне іх пакараць, то пакараем. Але пакараць, а не проста казаць, што той і той, і каб не было, як з тым Януковічам: “Дакажы, што ты не краў!” І каб чалавек не мог збегчы. Як не будзем адразу караць, то хай такі чалавек гуляе і хай яго Бог пакарае. Ідзем далей. Тут у нас кінатэатр з караоке, іх па хаце некалькі — кажуць вельмі любіў спяваць.
Еўрарадыё: А як ты ставішся да Парашэнкі? За каго галасаваў на выбарах?
Пятро Алейнік: Хай робіць парадак! Няможна ставіцца пагана, добра — паказвай, чалавек, справамі. Але адразу кажу: калі зруйнуюць Межыгор’е, то першы, хто будзе вінаваты, — гэта Парашэнка. Бо ён узяў на сябе адказнасць быць прэзідэнтам. Калі ты ўжо бярэш на сябе адказнасць, то… А не галасаваў. Для гэтага мне трэба было ехаць у Львоў, браць адмацаванне і ехаць сюды. А калі б я адсюль выехаў, то, я думаю, мяне б сюды ніхто больш не пусціў. Праходзь, гэта пакой, дзе стаяць фільтры ды розныя кампрэсары для ачысткі паветра ў будынку. Тут 7 узровень ачысткі. Як у аддзяленні, дзе цяжкія роды прымаюць, ці як на гадзіннікавым заводзе. Тут жа як дзеры-вокны зачыненыя, то як у касмічным караблі: знутры паветра ачышчанае, і звонку ніводны мікроб не прабярэцца.
Вось, такая падлога амаль ва ўсіх пакоях "хонкі" Януковіча
Еўрарадыё: І ўсё ж я не разумею, няўжо за гэтыя 5 месяцаў ніхто ад уладаў не прыходзіў, не цікавіўся, як тут і што, не ішла размова, каб усё гэта перадаць на чыйсьці баланс і адказнасць?
Пятро Алейнік: Былі тут і з пракуратуры, і з СБУ, міністры розныя, у мяне ў тэлефоне нумары розных міністраў і іх намеснікаў, журналісты прыязджалі — я ўсім колькі разоў казаў: “Трэба нехта з усім гэтым рабіць, прызначаць адказных!” Усе кажуць: “Пабудзь пакуль тут ты, раз ужо ты ўзяўся — будзем вырашаць!” І ўсё. Далей — маўчанне, а тыя міністры другі раз тут больш не з’яўляліся. Прыехала неяк “аграрная палітыка” (Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны — Еўрарадыё), сказалі, што я магу ехаць дамоў, а яны мяне зменяць: “Ты ўжо тут сябе забяспечыў — зараз наша чарга”. Паслаў іх. Пакруціліся тут трохі і пайшлі.
Еўрарадыё: Калі над табой ніякага начальства няма, то адкуль узялася гэтая цана экскурсіі ў хонку — 200 грыўняў? І куды потым ідуць гэтыя грошы?
Пятро Алейнік: Я нікому не падпарадкоўваюся, а цану я прызначыў сам — каб менш людзей сюды імкнулася трапіць, бо грошы ж немалыя. Частку з гэтых грошай я бяру на набыццё прадуктаў для нашага харчавання, а ўсё астатняе складаю і захоўваю. Калі прыйдзе час і ўзнікне патрэба, магу даць справаздачу за кожную атрыманую і патрачаную капейку — у мяне ўсё запісана. Ты лепш паглядзі на гэтую люстру. Ведаеш, колькі каштуе? Ад 7 да 9 мільёнаў еўра. А вунь стаіць раяль — я адмыслова глядзеў у інтэрнэце, такіх выраблена ўсяго 25 штук, з аўтографам Ленана, адзін, як бачыш, тут і каштуе дзесьці каля 2,5 мільёна еўра. Гэта спальня Януковіча, яго ложак. Што глядзіш? Можаш прылегчы, калі хочаш, але не разлягайся, спаць не будзем, пойдзем далей. Я тут таксама, можа, раз начаваў…
Еўрарадыё: Ну, вось паглядзелі мы на ўсю гэтую раскошу, але ж дзе залаты ўнітаз і залаты батон?!
Пётр Алейнік: Не было ніякага залатога батона! Чарнавіл, што сюды залезла 22 кастрычніка, агледзела што змагла па-хуткаму, нейкіх здымкаў нарабіла — трапіў у кадр некі батон, магчыма, пазалочаны. І выкінула ўсё ў інтэрнэт не разабраўшыся. Але ніякага залатога батона тут не было! У мяне тут дакументаў розных шмат — ніякі залаты батон не пазначаны. Што да залатога ўнітаза, вось мы ў ванным пакоі Януковіча, тут усе яго ўнітазы. Можаш сесці, адчуваеш золата?
Працоўны стол у кабінеце Віктара Януковіча
На заканчэнне Пятро хваліцца пагонам галоўнакамандуючага з мундзіра Януковіча (сабе пакінуў) і запрашае прыехаць праз год — паглядзець, ці ўсё з таго, што зафіксавалі на фота, засталося на месцы. “Бог любіць Украіну. Толькі б меней тут кралі і больш пра Украіну думалі”, — гаворыць на развітанне.
Таксама на тэрыторыі я заўважыў вось гэту машыну -- згодны, пасля ўбачанага некаму можа спатрэбіцца і такая дапамога...
Фота: Змітра Лукашука