Як кахаліся, жаніліся і разводзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім

Наталля Сліж днямі выдала кнігу “Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст.”. Даследванне зроблена на падставе заканадаўства і традыцый, якія існавалі ў ВКЛ. Кандыдат гістарычных навук, распавядае Еўрарадыё, як жаніліся і чаму разводзіліся ў Вялікім Княстве.

Шлюб

Ва ўсіх трох Статутах Вялікага Княства Літоўскага прапісваўся ўзрост, пачынаючы з якога можна было браць шлюб. Згодна з законамі, выходзіць замуж дазвалялася з 15 гадоў. Хлопцы маглі жаніцца з 18. Заручыць бацькі маглі і ў 9. Але гэта было проста абяцанне шлюбу і зусім не азначала, што дзеці будуць жыць разам.

У першым шлюбе вызначальная роля належала бацькам. У шляхецкай традыцыі, асабліва з другой паловы XVI стагоддзя, імкнуліся браць роўны шлюб, каб чалавек адпавядаў па шляхецкай годнасці і родавай прыналежнасці. Бацькам маладых было важна захоўваць сяброўства. Ужо падчас другога шлюбу чалавек быў больш свабодны. Але тут уплывала сяброўскае кола. Былі выпадкі, калі да разрыву ў адносінах прыводзіла розніца ў статусах. Напрыклад, калі ўдава-магнатка брала шлюб са шляхцічам сярэдняга статуса, гэта пад уплывам найбліжэйшага атачэння магло справакаваць развод.

У мяне вызначылася цэлая класіфікацыя шлюбаў:

1. Законны шлюб, які бяруць згодна з заканадаўствам, з дазволам бацькоў, са згоды дзяўчыны.

2. Напаўзаконны, часткова забаронены. Напрыклад, шлюб без вянчання. За гэта можна было нават атрымаць пакаранне.

3. Забаронены шлюб. Напрыклад, бігамія, калі другі шлюб браўся без скасавання першага. Або шлюб паміж сваякамі.

У ВКЛ каталікі без праблем маглі ажаніцца з праваслаўнымі ці ўніятамі. І нават маглі рабіць адначасова два абрады. А з прыходам пратэстанцтва колькасць канфесійна мяшаных шлюбаў павялічваецца.

Вяселле

Сэкс мог існаваць і да вяселля. Да мужчын было менш патрабаванняў. І яны гэтым карысталіся, асабліва падчас замежных вандровак. Таксама былі стасункі са сваімі падданымі. Існавалі і публічныя дамы. Былі і жанчыны, якія займаліся сэксам да шлюбу, а пасля вырашалі ніколі не выходзіць замуж. Аднак з XVII стагоддзя на тэрыторыі ВКЛ распаўсюджваецца культ цнатлівасці.

Да вяселля пачыналі рыхтавацца за паўгода. Мерапрыемства было затратным, але такім яно і мусіла быць. Спачатку адзначалі дома ў маладой, пасля ў маладога. Маглі гуляць і да двух тыдняў, але дакладна не менш за 3 дні. Тут усё залежала ад заможнасці. Абрады нагадвалі тыя, што мы бачым і сёння: вянок, як сімвал нявіннасці, абрад заручынаў і пакладзіны, калі ў першы вясельны дзень маладых з каморнымі песнямі і пажаданнямі нарадзіць нашчадкаў праводзілі на першую шлюбную ноч. Таму можна сказаць, што першая шлюбная ноч адбывалася публічна. На раніцу было падзякаванне за нявіннасць. Калі ж дзяўчына не была цнатлівай, бацькі маглі атрымаць як непрыемны прэзент. Цікава, што гэты абрад існаваў нават на каралеўскіх вяселлях.

Развод

Разводамі займаліся два суды: духоўны і свецкі. Духоўны суд скасоўваў шлюб, а свецкі дзяліў маёмасць. Прычыны для разводу былі розныя.

Напрыклад, “дрэннае сумеснае жыццё”. Такой прычыны няма ў кананічным праве, але на практыцы гэта існавала.

Здрада таксама лічылася прычынай для скасавання шлюбу. Але, каб не выносіць усё на публіку, на судзе часта называлі іншыя прычыны. А вось мужчыну, які спакусіў чужую жонку, каралі. Спагады тут не было, бо гэта лічылася зламаннем шлюбных прысягаў. Судзіць яго, каб не прыцягваць увагу, маглі за “крадзеж каштоўнасці ў жанчыны”. Наогул у ВКЛ у жанчыны быў высокі статус, за ёй стаяла сям’я, якая не магла дазволіць, каб жанчыну дыскрэдытавалі ці пакрыўдзілі.

Таксама разрывалі шлюбы паміж сваякамі, калі людзі да вяселля не ведалі, што маюць агульныя карані, а пазней гэта высвятлялася.

Прычынай для разводу магла стаць і… імпатэнцыя мужа.

Фота 1 з кінастужкі "Агнём і мячом", іншыя фота: arche.by, rv-blr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі