Як міёрская каўбаса з геномам чумы свіней трапіла ў Разанскую вобласць?

"У адабраных у Разанскай вобласці пробах каўбасы "Міёры сыравэнджаная", вырабленай Міёрскім мясакамбінатам Віцебскай вобласці Беларусі, выяўлены геном віруса афрыканскай чумы свіней", — пра гэта паведаміў Рассельгаснагляд у панядзелак, 1 снежня. Рэакцыя беларускага боку з'явілася неўзабаве. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Ігар Брыло заявіў: Міёрскі мясакамбінат 1,5 года не пастаўляе прадукцыю ў Расію.

Але як даведалася Еўрарадыё, гэта не зусім так. На самім мясакамбінаце заявілі, што прадукцыю пастаўляюць, толькі іншую.

"Трэба ж разумець, якую прадукцыю. Ялавічыну і паўфабрыкаты з ялавічыны мы адгружаем. А свініну — не. Таксама нам дазволілі пастаўляць каўбасы, якія ўтрымліваюць ялавічыну, але не сыравэнджаныя, а вараныя".

На сайце Міёрскага мясакамбіната ёсць прайс-ліст у расійскіх рублях з сыравэнджанымі каўбасамі таксама. Як жа міёрская прадукцыя магла трапіць ў Разанскую вобласць?

"Можна прыехаць у Міёры ці Віцебск, ці гэтую ж каўбасу прывезці з Польшчы, а наляпіць этыкеткі Міёрскага мясакамбіната. Хто яе ў сумцы туды завёз? Мы не ведаем, што мы некуды ў Разань грузілі каўбасу. У нас ёсць пастаўкі ў Пецярбург, Маскву, Смаленск, Калужскую вобласць і Ноўгарад".

Каб нешта сцвярджаць і разбірацца, трэба мець дакументы аб адгрузцы ў Міёрах і прыёмцы ў Разанскай вобласці, кажуць у аддзеле маркетынгу мясакамбіната. А гэтых дакументаў няма.

Доўга не стаў чакаць з адказам і Рассельгаснагляд. Ужо 3 снежня стала вядома, што каўбасу выявілі на кірмашы выхаднога дня ў рабочым пасёлку Піцеліна Разанскай вобласці і дакументаў на яе сапраўды не было.

"Супрацоўнікі дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Разанскай вобласці на кірмашы выхаднога дня на Савецкай плошчы ў працоўным пасёлку Піцеліна Разанскай вобласці адабралі пробы ад каўбаснай прадукцыі ТАА "Глобал-Віцебск", ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат” і ААТ “Міёрскі мясакамбінат”. Разанскай абласной ветэрынарнай лабараторыяй ў пробах прадукцыі, выпрацаванай ААТ “Мёрскі мясакамбінат” Віцебскай вобласці Беларусі, выяўлены генетычны матэрыял узбуджальніка афрыканскай чумы свіней".

Таму, маўляў, трэба ўводзіць электронную сістэму ветэрынарнай сертыфікацыі і адсочвання прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза. Перамовы ж у Мінску па забароненых беларускіх таварах пакуль не скончыліся асаблівым поспехам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі