Як сотні беларусаў прайшлі маршам праз усю Варшаву
Марш Салідарнасці ў Варшаве / Еўрарадыё
Ад Палаца культуры і навукі, знакамітай сталінскай высоткі ў цэнтры Варшавы, да беларускай амбасады — каля дзевяці кіламетраў. Гэтую адлегласць 8 жніўня, за дзень да гадавіны выбараў 2020-га, прайшлі маршам беларусы, якія жывуць у Польшчы.
Зноў пацвердзіць меркаванне пра тое, што беларусы нават падчас масавых пратэстах чакаюць зялёнага святла светлафора, не атрымалася. Усю дарогу калону суправаджала паліцыя, якая спецыяльна перакрывала рух.
"Бачыла, як выходзяць на акцыі ў іншых краінах, і плакала"
Невялікім "pre-party" да маршу стала акцыя анархістаў. На прыступках Палаца культуры і навукі яны гучна б'юць у бубны, склікаючы людзей. Тут жа раздаюць выпуск мясцовай "пратэстнай" газеты, прысвечанай акцыям беларусаў.
Некаторыя адразу ж накідваюць на плечы бел-чырвона-белыя сцягі, іншыя трымаюць плакаты. Частка стаіць у баку і назірае, часам азіраючыся на паліцыянтаў, якія стаяць непадалёк.
— Прабач, — кажа мне хлопец у масцы і кепцы амаль на вочы. — Не буду, напэўна, пакуль нічога распавядаць. У мяне яшчэ хлопцы там застаюцца... Сам разумееш.
Нават у Варшаве не ўсе адчуваюць сябе ў бяспецы. Алеся стаіць са сцягам і асобы не хавае, але просіць не фатаграфаваць. І ў канцы гураткі перапытвае: "А вы дакладна журналіст? А то я тут вам усякага нагаварыла, а пасля ўбачу ва ўсякіх телеграм-каналах".
— Я тут з канца сакавіка, — распавядае дзяўчына. — Ведала, што прыйдзе ГУБАЗіК, і давялося з'ехаць.
— Чаму ён павінен быў прыйсці?
— Праз актыўнасць... Праз арганізацыю актыўнасці.
— Больш падрабязна не скажаце?
— Ды не, там, на самай справе, дурная сітуацыя атрымалася, — прызнаецца яна. — Нічога маштабнага, але я размаўляю на беларускай мове і была адмінам чата, заклікала выходзіць на Дзень Волі. Я не планавала з'язджаць, але сябры настаялі.
На акцыі ў Варшаве дзяўчына выходзіць рэдка: не прапускае толькі сур'ёзных падзеяў. Выходзіла на Дзень Волі, удзельнічала ў акцыі пасля спробы самагубства Сцяпана Латыпава.
— Кожны тыдзень выходзіць я не бачу сэнсу, — тлумачыць Алеся. — Палякі і так у асноўным ведаюць пра Беларусь. Вядома, мала, але ведаюць... Але ёсць сэнс і ў тым, каб падтрымаць беларусаў. Калі я была ў краіне і бачыла, як выходзяць людзі ў іншых краінах, я сядзела і плакала.
"Дарослыя, не здавайцеся"
На маршы ў Беларусі многія прыходзілі з дзецьмі. На акцыі ў Варшаве ў нядзелю таксама былі дзеці — праўда, у гэтага бываюць іншыя прычыны. "Дарослыя, не здавайцеся", — напісана на плакаце, які трымаюць дзве дзяўчынкі. Побач з імі хлопчык у вышыванцы, ён трымае плакат з надпісам: "Маму і тату забралі войскі таракана".
— Я тут з канца снежня. Да гэтага тры месяцы правялі ў Украіне. З'ехалі з Беларусі 10 верасня, — распавядае Ганна Канавалава. Яна стаіць за ўнукамі, але таксама з плакатам. — Ціснулі на маю дачку, на майго зяця. Мае дачка і зяць — палітвязні.
Дачка Ганны, Антаніна Канавалава, была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Яе і мужа — Сяргея Ярашэвіча — абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Гутарку перапыняе дзяўчына: яна раздае ўсім палоскі паперы з нумарамі тэлефонаў. Кажа, гэта на выпадак затрымання мясцовай паліцыяй — адвакаты. Ганна таксама бярэ адну паперку і кладзе ў кішэню. Потым падыходзіць яшчэ нехта: запрашае Ганну і дзяцей зняцца ў роліку.
— Тут мы выходзім кожны тыдзень, — нарэшце працягвае Ганна. — Адназначна, гэта трэба рабіць: там пакутуюць нашы блізкія.
З сынам на акцыю выйшла і Наталля. Яе сям'я прыехала ў Польшчу ў канцы ліпеня: і не маглі знайсці ў Беларусі нармальную працу, і адчувалі, што свабоды практычна не застаецца.
— Тут мы паказваем наш голас: што мы таксама ёсць, што нас нямала. І што нам, на жаль, даводзіцца з'язджаць, каб выказаць сваё меркаванне.
Наталля кажа, што ў яе досыць шмат сяброў з'ехалі за апошнія месяцы. Падчас размовы яе муж ідзе ў натоўп, каб сустрэцца з беларускімі знаёмымі.
— Я вельмі хачу вярнуцца. Спадзяюся, што хутка змагу, — кажа яна.
"Заставацца ў парадку дня"
Крычалкі на акцыі — на трох мовах: беларускай, рускай і польскай. Тут усё, ад "Не забудзем, не простим!" да "Lukaszenko wypierdalaj!". Плакаты ва ўдзельнікаў — на чатырох: да ўжо згаданых моваў дадаецца англійская.
Крыху збоку ад натоўпу стаіць экс-амбасадар Уладзімір Астапенка з жонкай. Дыпламатычна кажа, што ходзіць на акцыі "па магчымасці".
— Трэба трымаць тэму ў парадку дня, — кажа Астапенка і ківае ў бок людзей са сцягамі. — Калі гэты марш пройдзе па вуліцах Варшавы, пра яго пачуюць, яго ўбачаць, пра яго напіша мясцовая прэса, гэта нагадае мясцовым палітыкам пра тое, што праблема яшчэ не вырашаная.
Але, па словах дыпламата, сэнс падобных акцый не толькі ў гэтым.
— Гэта важна для кожнага з тых, хто тут стаіць. Адчуць і салідарнасць, і пачуццё локця, плячо адно аднаго. Зразумець, што яны тут не адны. Гэта важна для людзей, якія тут сабраліся, — тлумачыць ён.
З падобнай думкай згодныя Юры і Таццяна — яны толькі сёння выйшлі з карантыну пасля прыезду ў Польшчу і адразу пайшлі на марш. Кажуць, адчуваюць неабходнасць нешта рабіць і выказвацца разам з беларусамі.
— Нават калі ніхто не будзе дапамагаць, будзем выходзіць, каб распавядаць, якая дзікасць адбываецца. Мы будзем гэта рабіць, — кажуць яны.
Счэпкі не патрэбныя
Паліцыя вызваляе дарогу аж да беларускай амбасады. На прыпынках каля дыпламатычных прадстаўніцтваў паліцэйскія становяцца паміж удзельнікамі акцыі і плотам.
— Хутка мы будзем праходзіць каля амбасады Літвы. Давайце падзякуем іх за дапамогу беларусам: "Ачу Летува!". Не складана запомніць, — заклікаюць на чале калоны.
Падзякавалі і амбасадзе ЗША. Прыпынак і тут, і каля расійскай амбасады праз паўтара кіламетра ператвараецца ў міні-мітынг: ёсць жадаючыя выказацца. Нехта дзякуе ЗША за падтрымку дэмакратычнай Беларусі, нехта заклікае абкласці Расію санкцыямі за падтрымку Лукашэнкі.
На падыходзе да расійскай амбасады, якая размяшчаецца ў велізарным асабняку, хлопцы на чале калоны жартуюць: "У счэпку!". Раздаецца смех. Але проста пад брамамі амбасады добразычлівасці няма, як і слоў падзякі. Жорсткі на слова і кіраўнік НАУ Павел Латушка:
— Колькі можна цярпець, што яны падтрымліваюць дыктатара, узурпатара? Але Расіі гэта выгадна, выгадна для сваіх інтарэсаў. Хопіць! Вашы інтарэсы на тэрыторыі Беларусі скончыліся. Мы заўсёды будзем сябраваць з рускімі, у мяне сябар, ён рускі па нацыянальнасці, але я большага беларускага нацыяналіста не сустракаў. Вось бярыце прыклад з такіх рускіх, якія проста паважаюць як роўных партнёраў, роўны народ — беларусаў.
Пасля "стаянкі" каля расійскай амбасады калона рушыць далей: ісці да беларускай амбасады яшчэ больш за гадзіну. Але тым, хто сюды прыйшоў, ёсць, што сказаць, і дзеля чаго ісці далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.