Як судзяць байкера: замест разбору ДТЗ — пытанні пра лецішча і мінулыя парушэнні
27 кастрычніка пачаліся спрэчкі бакоў на судовым працэсе інспектара ДАІ Уладзіміра Таўпінца супраць байкера Сяргея Шаўцова. Апошняга вінавацяць у “супраціўленні супрацоўніку міліцыі” і “прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання інспектару па неасцярожнасці”. Еўрарадыё ўзгадвае цікавыя моманты судовага следства, якое нечакана прайшло ў адно пасяджэнне. На ім абвінавачаны ўпершыню дае паказанні. Байкер тлумачыць, што не мог перадухіліць аварыю, бо на рычагі кіравання матацыкла ўздзейнічаў міліцыянт. Яго выступ зводзіцца да таго, што на момант ДТЗ у матацыкла было два кіроўцы, і адзін з іх блакаваў магчымасць кіраваць другому.
Суддзя прапануе задаваць пытанні. Пачынае пракурор. Збольшага ён прымушае паўтараць абвінавачанага тое, што было сказана ў прамове. Па некалькі разоў запар. Працягвае допыт прадстаўніца пацярпелага. Яна доўга высвятляе, дзе знаходзілася рука інспектара і ці не перашкаджаў супрацоўніку ДАІ схапіцца за ручку акселератара шчыток, які мусіць абараняць яе. Затым пераходзіць да пытання: “З вашага досведу, якое першае патрабаванне супрацоўніка ДАІ да матацыкліста?”. Абвінавачаны настойвае: міліцыянт не агучваў патрабаванне заглушыць рухавік матацыкла. Тады прадстаўніца пацярпелага рэзка і нечакана мяняе тэму.
Абаронца пацярпелага: У матэрыялах справы ёсць інфармацыя пра тое, што вам належыць зямельны ўчастак. Вы сапраўды з’яўляецеся ўладальнікам?
Сяргей Шаўцоў: Так, сапраўды.
Абаронца пацярпелага: Як вы яго набылі?
Сяргей Шаўцоў: На аўкцыёне.
Абаронца пацярпелага: У якім годзе?
Сяргей Шаўцоў: 2015-м.
Абаронца пацярпелага: Будаўніцтва вы якое-небудзь ажыццяўлялі?
Сяргей Шаўцоў: Так.
Абаронца пацярпелага: Якое менавіта?
Сяргей Шаўцоў: Незавершанае будаўніцтва дома.
Абаронца пацярпелага: Які адсотак гатоўнасці? Ці можаце назваць?
Сяргей Шаўцоў: Не.
Абаронца пацярпелага: На якой стадыі будаўніцтва?
Сяргей Шаўцоў: Аддзелачныя работы.
Абаронца пацярпелага: То бок дом пад дахам? Фактычна ўзведзены?
Сяргей Шаўцоў: Так.
На гэтым допыт завяршаецца. Суцэльная інфармацыя пра лецішча абвінавачанага атрыманая, пра ДТЗ — наўрад ці. Цяпер суддзя. Ён праводзіць допыт у даволі з’едлівай манеры.
Суддзя: Як вы лічыце, вы парушылі правілы дарожнага руху?
Сяргей Шаўцоў: Так.
Суддзя: Якія?
Сяргей Шаўцоў: Дакладна пункты не памятаю. Правіла, якое забараняе выезд на трамвайныя шляхі ў падобным месцы. Ну, і, напэўна, тое, што я рухаўся з няпройдзеным тэхаглядам.
Суддзя: Вы ў гэтым не перакананыя?
Сяргей Шаўцоў: Упэўнены.
Суддзя: А чаму кажаце “напэўна”?
Сяргей Шаўцоў: Прабачце.
Суддзя: Пералічыце правілы, якія, на ваш погляд, вы парушылі? Ехалі па трамвайных шляхах. Далей?
Сяргей Шаўцоў: Не быў пройдзены тэхагляд і на матацыкле не быў усталяваны нумарны знак.
Суддзя: То бок тры. Пачнём з першага. Чаму вы ехалі па трамвайных шляхах, навошта вы парушылі?
Сяргей Шаўцоў: Я спяшаўся ў пункт абмену валют...
Суддзя: Усе спяшаюцца. На дарозе ўсе спяшаюцца. Чаму вы парушылі? Чаму не ехалі так, як трэба, як усе рухаюцца?
Сяргей Шаўцоў: Я палічыў, што мае дзеянні не створаць перашкодаў і небяспекі для дарожнага руху і адпаведна…
Суддзя: А што, у правілах так напісана?
Сяргей Шаўцоў: На жаль, там такога не…
Суддзя: Чаму тады вы парушылі? Вы так палічылі? Я вас правільна зразумеў?
Сяргей Шаўцоў: Гэта быў мой недагляд і я раскайваю…
Суддзя: Чаму вы ездзіце на матацыкле без тэхагляду?
І гэтак далей…. Вельмі цікава выглядае дыялог, у якім суддзя настойліва пытаецца ў абвінавачанага: “Што вам перашкаджала выключыць хуткасць, зняць левую руку са счаплення, а правую з газу, абедзве нагі паставіць на зямлю і чакаць супрацоўніка ДАІ, каб даведацца, што ён ад вас хоча?” Адказы кшталту “Ён з’явіўся знянацку” і “Я не паспеў!” суддзю не задавальняюць, пытанне настойліва паўтараецца некалькі разоў. Далей увогуле адбываецца дыялог настаўніка з вучнем, якога злавілі з нявывучаным практыкаваннем.
Суддзя: ДТЗ адбылося?
Сяргей Шаўцоў: Так.
Суддзя: Што ў выніку ДТЗ здарылася?
Сяргей Шаўцоў: У выніку ДТЗ Таўпінцу і мне былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Суддзя: Вам таксама цяжкія?
Сяргей Шаўцоў: Так.
Суддзя: Якія?
Сяргей Шаўцоў: Пералом зводу асновы чэрапа і закрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені.
Суддзя: Як вы думаеце, хто вінаваты ў гэтым ДТЗ?
Сяргей Шаўцоў: На мой погляд, вінаватым у ДТЗ з’яўляецца Таўпінец.
Суддзя: У чым яго віна?
Сяргей Шаўцоў: Яго віна ў тым, што ён умяшаўся ў працэс кіравання матацыклам, тым самым выклікаўшы рэзкае паскарэнне матацыкла і выезд яго на чырвонае святло.
Суддзя: Вашай віны ў гэтым ДТЗ няма?
Сяргей Шаўцоў: Няма.
Суддзя: Калі б ён не ўмяшаўся, то ДТЗ не здарылася б, так?
Сяргей Шаўцоў: Так! Менавіта!
Суддзя: Супраціўлення вы не аказвалі?
Сяргей Шаўцоў: Не.
Суддзя: То бок у гэтай частцы абвінавачванне таксама беспадстаўнае?
Сяргей Шаўцоў: Беспадстаўнае.
Патроліўшы абвінавачанага тым, што ён “дасведчаны кіроўца, бо мае 52 адміністрацыйныя правапарушэнні дарожнага руху”, суддзя працягвае тэму. Узгадвае 2014 год, распытвае чаму Сяргей Шаўцоў быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы, якім чынам ён працягваў атрымліваць штрафы за парушэнні ПДР нават у перыяд “бяспраўя” і падводзіць вынік, што гэта характарызуе абвінавачанага, як чалавека. Верагодна, абвінавачаны схільны да парушэнняў закона. З іншага боку, такія паводзіны кіроўцы могуць сведчыць і пра тое, што ён не схільны ўцякаць ад супрацоўнікаў ДАІ.
На гэтым першы і, як высветлілася, апошні дзень судовага следства скончыўся. Хадайніцтвы адвакатаў на працяг працэсу і запрашэнне дадатковых сведак адхіленыя. Відаць, суддзі хапіла пачутага — у абвінавачанага ёсць зямельны ўчастак і недабудаваны дом.