Байкеры пра ДТЗ з інспектарам ДАІ: прадухіліць аварыю было практычна немагчыма

Байкеры пра ДТЗ з інспектарам ДАІ: прадухіліць аварыю было практычна немагчыма

22 верасня Следчы камітэт апублікаваў відэа гучнай аварыі з удзелам байкера і інспектара ДАІ, якая адбылася 18 красавіка ў Мінску. На ім бачна, як кіроўца матацыкла Suzuki Bandit вылятае на скрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова ў Мінску разам з інспектарам ДАІ, які літаральна вісіць на правай руцэ байкера. Літаральна за тры секунды яны амаль цалкам перасякаюць праспект і трапляюць пад машыну інкасатараў. 

Сайт СК паведамляе, што справа перададзеная ў суд. Таксама адзначаецца, што "кіроўца матацыкла меў магчымасць прыняць меры да тармажэння, своечасова спыніцца і не дапусціць дарожна-транспартнага здарэння, але не зрабіў гэтага". Еўрарадыё звярнулася да некалькіх байкераў з больш чым 20-гадовым стажам, каб разабрацца, ці мог абвінавачаны у такой сітуацыі прадухіліць ДТЗ.

“Вельмі добра бачна, як даішнік абедзвюма рукамі вісіць на правай руцэ матацыкліста і на рулі, — амаль слова ў слова адзначаюць мотааматары. — Каб прадухіліць ДТЗ, трэба было націснуць на тормаз, які знаходзіцца там жа дзе і газ — з правага боку. Зрабіць гэта немагчыма, бо рука заблакаваная інспектарам. Нават, калі байкер пажадаў левай рукой выціснуць счапленне, каб спыніць набор хуткасці, то яму трэба было крыху расслабіць левую руку. А ў гэтым выпадку яны б разам з даішнікам заваліліся направа. Нават, калі б не заваліліся, то паехалі б па траекторыі направа”.

Байкер мог скарыстацца нажным тормазам, якім таксама абсталяваны гэты матацыкл. Але па словах экспертаў, чалавек, які не кантралюе на сто адсоткаў рух матацыкла, не зможа адарваць ногі з падножак, каб скарыстацца нажным тормазам, бо адразу заваліцца. У дадатак, Suzuki Bandit мае больш за 70 конскіх сілаў, а такую моц спыніць нажным тормазам амаль нерэальна.

“Гэтых трох секундаў, за якія яны перасякаюць праспект, проста не хопіць хуткасці рэакцыі, каб зразумець, што з гэтым рабіць, — працягваюць эксперты. — У чалавека проста не было магчымасці рэагаваць. У любым выпадку, яны б ці ўрэзаліся ў машыну ці зваліліся б. Нават, калі б байкер паспрабаваў сарваць рукі даішніка і націснуць на тормаз, то іх бы пацягнула ў левы бок і фактычна яны б не па касальнай, а літаральна лоб у лоб”.

Нават паглядзеўшы відэа Следчага камітэта і вывучыўшы раскадроўку, усе матацыклісты перакананыя, што паўтарыся падобная сітуацыя з імі, яна скончылася б гэтак жа.

Адразу пасля здарэння жонка байкера Дар’я распавядала Еўрарадыё са словаў мужа, што “інспектар падышоў, папрасіў паказаць дакументы. Той пагадзіўся. Толькі сказаў, што спачатку адгоніць матацыкл да краю праезнай часткі. І тут міліцыянер альбо не пачуў гэтых словаў, альбо падумаў, што Сяргей збіраецца ўцякаць”.

Інспектар ДАІ, які стаў удзельнікам ДТЗ, прызнаўся Еўрарадыё, што пра той момант нічога не памятае і нават следчым не змог нічога распавесці:

“Чакаю аперацыю па аднаўленні чэрапа, — распавёў інспектар. — Мая частка чэрапа ляжыць у Бальніцы хуткай дапамогі, вось яе будуць ставіць неяк на месца. Вось я кладуся, а калі, колькі часу гэта зойме, я не ведаю”.

Байкеру прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 363 (супраціўленне супрацоўніку міліцыі) і ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі пачнуцца судовыя пасяджэнні па справе, пакуль не паведамляецца. Абвінавачаны ўвесь гэты час знаходзіцца пад вартай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі