Як тлумачыць міграцыйнай службе Украіны, што ты не вораг. Спыталі Анісію Казлюк
Сёння міграцыйная служба Украіны прыме рашэнне: ці можа беларуская праваабаронца і валанцёрка Анісія Казлюк заставацца ва Украіне. Працягваць там праваабарончую і валанцёрскую дзейнасць — а таксама спробы легалізавацца.
На мінулым тыдні Анісію ледзьве не прымусілі пакінуць Украіну. Але за яе заступіліся праваабаронцы і Офіс Святланы Ціханоўскай. Калі б не розгалас, упэўненая Анісія, у яе ўжо быў бы штамп у пашпарце, згодна з якім яна павінна была б з’ехаць з Украіны на працягу 10 дзён.
Анісія — не адзіная беларуска ў такой сітуацыі. Праз вайну людзі не могуць працягнуць ці атрымаць віды на жыхарства — і асуджаныя на праблемы з міграцыйнай службай. Вяртанне ў Беларусь шмат для каго з іх — гарантыя зняволення.
Мы пагаварылі з Анісіяй Казлюк пра стасункі з украінскімі чыноўнікамі і пра тое, што рабіць, калі на вас крычаць у міграцыйнай службе. І не, запэўнівае Анісія, у яе не з’явілася жадання змяніць краіну — яна плануе застацца ва Украіне. Бо, у адрозненне ад чыноўнікаў, людзі, якім яна дапамагае, казалі ёй у апошнія месяцы выключна словы падзякі.
“З пачатку вайны міграцыйныя службы не працавалі”
— На мінулым тыдні вас затрымалі за нелегальнае знаходжанне ва Украіне. Але ж вы спрабавалі легалізавацца — што пайшло не так?
— У мяне не было віду на жыхарства. Праз вайну я не паспела яго зрабіць. Афіцыйна тэрмін, да якога я магла знаходзіцца ва Украіне без віду на жыхарства, заканчваўся 1 красавіка. Да гэтага тэрміну я планавала падацца на афармленне віду на жыхарства. Здавалася б, што можа пайсці не так?
Але з пачатку вайны міграцыйныя службы не працавалі. Я прыйшла ў міграцыйную службу напрыканцы сакавіка. Мне сказалі, што пакуль у іх няма доступу да рэестра. То-бок яны аддаюць “посведкі” — сертыфікаты, якія паспелі зрабіць, але не прымаюць дакументы на новыя.
І сказалі чакаць інфармацыі. Ніякай інфармацыі не было. Ведаю, што беларусы Кіева хадзілі ў міграцыйную службу кожны тыдзень. У кагосьці посведкі скончыліся ў сакавіку, у кагосьці былі іншыя нагоды. Ім раз за разам казалі: пакуль што дакументы мы не прымаем, але ўсё добра. Ніякіх санкцый не будзе, бо посведкі пратэрміноўваюцца не па віне людзей.
А на пачатку чэрвеня нарэшце пачалі прымаць дакументы. Людзі пайшлі, упэўненыя, што ўсё будзе ў парадку. І сутыкнуліся з максімальнымі штрафамі за пратэрмінаваныя посведкі — больш за 5 тысяч грывень [каля 170 долараў. — Еўрарадыё]. Да таго ж — прымусовае вяртанне. Іх абавязвалі выехаць з Украіны на працягу 10 дзён.
— Людзям давалі хоць якія парады?
— Камусьці казалі, што можна выехаць — і адразу заехаць назад. Маўляў, такім чынам тэрмін абнуліцца і можна будзе вярнуцца, каб зноў падаць дакументы. Але я не ведаю, ці былі паспяховыя кейсы, ці пускалі людзей назад.
Ведаю толькі пра кейс “БЧБ-нявесты”, якая атрымала ў міграцыйнай службе штамп і была абавязаная выехаць з Украіны. Калі яна прыехала на мяжу, ёй сказалі: мы вас можам выпусціць, але назад не ўпусцім.
Потым з’явілася інфармацыя, што ў Львове дакументы нібыта прымаюць. Я рыхтавала дакументы, каб паспрабаваць. Але мяне затрымалі, калі я яшчэ не паспела гэтага зрабіць.
“Бачыце, можна было і не сварыцца”
— Вас затрымалі на выхадзе з цягніка. Чаму? Вы выклікалі падазрэнні?
— Я прыехала ў Кіеў на навучанне. Калі людзі выходзяць з цягніка, памежнікі правяраюць дакументы. Гэта звычайная працэдура. Калі пашпарт не ўкраінскі, вядуць, каб “прабіць па базах”, праверыць, ці легальна чалавек тут знаходзіцца, ці легальна ўехаў ва Украіну.
Мяне прабілі па базах паліцыі і памежнікаў — ніякіх пытанняў не ўзнікла. Але памежніца, якая мяне затрымала, патэлефанавала ў 102 і аформіла на мяне афіцыйны выклік. Маўляў, мною мусіць займацца Дзяржаўная міграцыйная служба.
Мяне адвезлі ў пастарунак, я распавяла паліцыі пра сваю дзейнасць. Я прыехала ва Украіну, каб быць у бяспецы, я займаюся валанцёрствам. Паліцыянты вельмі здзівіліся, што іх увогуле выклікалі, але яны былі абавязаныя адрэагаваць і адвезці ў міграцыйную службу.
І там адбылася вельмі непрыемная камунікацыя. Мне паабяцалі максімальны штраф і штамп пра выдварэнне.
— Але ж у Беларусь вам ехаць нельга.
— Я сказала, што тады хачу падаць дакументы на ўцякацтва. Гэтая працэдура ва Украіне не працуе, але такое права ў мяне ёсць. І папрасіла бясплатнага адваката.
Замест яго да мяне прывялі супрацоўніка міграцыйнай службы, які пачаў глядзець мае дакументы і задаваць розныя пытанні. Калі ён спытаў, хто ў мяне ва Украіне, я здзівілася. Я спытала: у сэнсе? Ва Украіне зараз я.
Яго мой адказ вывеў з сябе, пачаў на мяне крычаць, схапіў мой пашпарт. Гэта адбывалася ў прысутнасці двух супрацоўнікаў паліцыі і міграцыйнай службы. Я ўвесь час думала, што гэта адвакат, а ён крычаў на мяне і абвінавачваў.
Я сказала: вы не падобныя да чалавека, які будзе абараняць мае правы. Узяла тэлефон, каб патэлефанаваць сваім знаёмым юрыстам. Калі я пачала званіць, гэтага чалавека вывелі, ён супакоіўся. Але мае калегі, што стаялі за дзвярыма, выдатна чулі, як на мяне крычаць.
Праз некаторы час мне ўжо тэлефанавалі ад Офіса Святланы Ціханоўскай — гэта быў Валерый Кавалеўскі. Ён мяне супакоіў, сказаў, што ён звязаўся з кіраўніцтвам міграцыйнай службы і маё пытанне будзе вырашана станоўча.
Супрацоўнікі міграцыйнай службы вярнуліся спакойныя, прасілі прабачэння. Казалі, маўляў, бачыце, можна ж было не сварыцца, давайце мы з вамі спакойна запоўнім дакументы.
— Хіба вы намагаліся з імі пасварыцца?
— Мяне проста не хацелі чуць, мяне абвінавачвалі ў тым, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты. Я не вытрымала, сказала, што я змагаюся супраць гэтага. Я пацярпела за сваю дзейнасць. І ракеты ляцяць і ў мяне таксама.
Мне не давалі сказаць слова. “Нам не цікава, што ты тут робіш, ты парушыла міграцыйнае заканадаўства”. А міграцыйная служба яшчэ ўвесну пісала ў сацсетках, маўляў, адказваем на пытанне іншаземцаў: не будзе ніякіх санкцый за пратэрмінаванне. Беларусы ў каментах перапытвалі: ці сапраўды так? Ім казалі: так, не перажывайце, усё здарылася не па вашай віне.
Цяпер шмат у якіх чаціках людзі пішуць, што нават прыносілі раздрукоўку гэтага паста разам з дакументамі ў міграцыйную службу. Асабіста мне на гэта адказалі: што пішуць у сацсетках — гэта няважна. Вы бачылі нарматыўны акт? Не бачылі, бо яго няма. А значыць, няма нагоды, каб змяняць практыку.
Зазначу, што, калі я распавядала пра сваю праваабарончую дзейнасць паліцыі, да мяне ставіліся з павагай і слухалі. А ў міграцыйнай службе не хацелі проста слухаць.
Але пасля званка з Офіса камунікацыя сапраўды стала нармальнай, адэкватнай, якой і мусіць быць. Мяне распыталі пра спробы падаваць дакументы, прынялі ад мяне ўсю інфармацыю.
Прозвішча мужчыны, які вёў сябе агрэсіўна, мне так і не назвалі.
“Не, мне не захацелася змяняць краіну”
— Але ж гэта не толькі вашая праблема — ці шмат беларусаў сутыкнуліся з тым, што яны цяпер нелегалы і ў іх няма выйсця, апроч як паехаць з Украіны?
— Пакуль я сядзела каля міграцыйнай службы, падышоў хлопец, які распавёў, што ў яго такая ж сітуацыя. А потым — дзяўчына, якой ужо паставілі штамп на выезд і выпісалі велічэзны штраф. Free Belarus Centre цяпер робіць маніторынг сітуацыі. Мы запусцілі анкету, і людзі пацвярджаюць: праблема існуе.
— Калі б не Офіс, праблему можна было б вырашыць ці вы ўжо былі б за межамі Украіны?
— За мяне заступаўся не толькі Офіс, шмат людзей мне дапамагалі. І праваабаронцы, і журналісты. Людзі прыйшлі падтрымаць мяне пад саму міграцыйную службу. Сказаць, што менавіта з гэтага спрацавала, цяжка. Але, калі б не ўвага да праблемы, яна б вырашылася так, як мне і пагражалі напачатку.
— Гэтае стаўленне чыноўнікаў дублюе асабістую камунікацыю з украінцамі? Ці часта вас вінавацяць у ракетах з Беларусі?
— Я яшчэ ні разу ў асабістай камунікацыі не сутыкнулася з украінцамі, якія б не разумелі, што адбываецца ў Беларусі. Можа, прычына ў маім спецыфічным асяроддзі?
Я распавядаю ўкраінцам, што Еўропа зараз прымае беларусаў і таму ў беларусаў ёсць і была магчымасць з’ехаць з Украіны. Але яны застаюцца. І тыя, хто застаецца, — гэта людзі, якім баліць за Украіну.
Украінцы збольшага гэта разумеюць. Але так, ёсць праблема з дзяржаўнымі органамі. Я спадзяюся, што мы здолеем яе вырашыць. Але пакуль няма механізмаў вырашэння праблемы.
Што б было, калі б не розгалас вакол сітуацыі, у якой я апынулася? Я не ведаю. Дакладней, я ведаю. Мне б паставілі штамп пра прымусовы выезд з Украіны.
— Пасля гэтых прыгодаў не з’явілася жадання ўсё кінуць, адысці ад валанцёрства і змяніць краіну?
— Не, у мяне не з’явілася нават крыўды. Але мне хацелася б, каб законы працавалі. Мяне спрабавалі прывесці да санкцыі за тое, што я не падала дакументы, хоць я відавочна не магла іх падаць не па сваёй віне.
Калі мы хочам звацца еўрапейцамі, варта быць трошкі больш аб’ектыўнымі і разглядаць кожную справу індывідуальна. І мусім бачыць і прызнаваць свае памылкі.
Але не, мне не захацелася змяніць краіну. Я разумею, што людзі, якім я дапамагаю, мне ўдзячныя, у іх няма да мяне прэтэнзій. Але ёсць зламаная камунікацыя, а ў кагосьці і крыўда на беларусаў агулам. Варта проста помніць: беларусы, якія застаюцца тут, ва Украіне, — гэта беларусы, якія дапамагаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.