"Як у фільме жахаў". Катаванні беларуса з інваліднасцю, які сказаў вайне "не"

"Я ўключыў тэлевізар і трапіў на выступ Пуціна" / pixabay.com
"Я ўключыў тэлевізар і трапіў на выступ Пуціна" / pixabay.com

— Жыў у Беларусі, займаўся сваёй любімай справай. Так склалася жыццё, што потым атрымаў інваліднасць. Больш-менш аднавіўся і пачаў жыць далей. Але тое, што са мною адбылося, прымусіла мяне інакш глядзець на жыццё, на падзеі вакол, на людзей. Можа, прыйшло ўсведамленне: ніхто не вечны, і кожны твой дзень можа зрабіцца апошнім?..

Гэтая шчырая гісторыя беларускага хлопца з інваліднасцю, якому вельмі патрэбная дапамога. Нягледзячы на стан здароўя і магчымыя трагічныя наступствы, у 2022 годзе ён выйшаў на антываенную акцыю ў сваім горадзе, а потым пачаў актыўна расказваць карыстальнікам сацыяльных сетак пра жахі вайны, якую Пуцін абвясціў Украіне і ўсім, хто падтрымлівае яе народ.

— Я проста не разумеў, як можна рэагаваць на гэта інакш. Мае сябры — там.

На жаль, нежаданне маўчаць абярнулася для нашага героя не толькі падтрымкай аднадумцаў, але і шматлікімі збіццямі, пагрозамі і спробамі фізічнай расправы, а таксама катаваннямі ў аддзяленні міліцыі і ізалятары, дзе хвораму чалавеку давялося спаць на голай жалезнай рашотцы. Каб гэты хлопец змог выбрацца з кашмару, у які ператварылася яго жыццё, а таксама вылечыцца, неабходна сабраць хаця б 2000 еўра.

Як там, "беларус беларусу беларус"?..

 

— Як у нашай краіне ставяцца да людзей з інваліднасцю?

— Калі казаць пра медыцыну, то ў нас дастаткова мала кваліфікаваных спецыялістаў, часта дапускаецца халатнасць. Напрыклад, у бальніцы, дзе мяне лячылі, лекары нібыта спрабавалі рабіць сваю справу, але як пойдзе. А не пойдзе, дык сыдзе.

Ну, дапусцім, у чалавека баліць галава, і ён пра гэта кажа. Замест таго каб высветліць, чаму пацыенту дрэнна і толькі потым лячыць, яму адразу даюць таблетку. Гэта ненармальна, бо прычыны боляў могуць быць рознымі і лячыць іх трэба па-рознаму.  

Недахоп кадраў адчуваўся досыць моцна. У нас была медсястра, якая адна бегала па ўсіх палатах. Яна фізічна не магла ўсё паспець, таму вельмі стамлялася і была псіхаванай.

Яшчэ бяда, што часта нельга прайсці ўсё лячэнне ў адным месцы, і хвораму чалавеку даводзіцца ездзіць з бальніцы ў бальніцу. З гэтым вось я сутыкнуўся сам.

 

— Як вас зачапілі палітычныя падзеі 2020 года?

— Я вельмі добра памятаю тое лета. Адчуванне, што нешта павінна адбыцца, з'явілася яшчэ ў чэрвені, хаця нават раней, пасля таго, як у Беларусь прыйшоў кавід. Я не асабліва разумеў у палітыцы тады, таму ніяк не мог разабрацца, у чым рэч. Трэба было змагацца з хваробай, а замест гэтага ўсе адно на аднаго скідвалі адказнасць.

З іншага боку, я перахварэў на кавід у самым пачатку, і калі людзей пачалі клікаць на мітынгі, у мяне гэта не ўкладалася ў галаве. Гэта ж небяспечна! Вакол столькі хворых. У галаве быў нейкі дысананс ад разумення таго, што ўсе могуць масава заразіцца і пачнецца паўнавартасная эпідэмія са мноствам смяротных выпадкаў. Я разумеў, што трэба думаць пра свабоду. Мне было складана, бо на той момант я наогул не ўсведамляў сваёй пазіцыі, таму і не лез у палітыку.

Потым людзей пачалі забіраць і саджаць. Некалькі маіх знаёмых трапілі пад гэта і расказвалі, як іх збівалі па галаве, па твары, па ўсім целе. Я разумеў, што так быць не павінна, што гэта жудасна, але самому выходзіць было боязна. Мне было страшна, што са мною нешта зробяць, а пасля гэтага мяне ніхто не ўратуе. Тым больш тады я яшчэ аднаўляўся. 

“Как в фильме ужасов”. Пытки белоруса с инвалидностью, сказавшего войне "нет"
"Не вайне!" /  pixabay.com

— Чаму тады пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну вы не змаглі маўчаць? Хіба людзей пачалі менш біць?

— Яшчэ за некалькі тыдняў да пачатку вайны я чытаў, што ідзе падрыхтоўка да баявых дзеянняў. У мяне гэта не ўкладалася ў галаве — якая вайна? Падумаў: ну, пішуць і пішуць. Усякае можна напісаць, што да рэчаіснасці не мае ніякага дачынення.

Потым вайна ўсё ж пачалася. Я ўключыў тэлевізар і трапіў на выступ Пуціна.

І такі холад нечаканы прабег па целе. Я думаў, гэта ўсё не напраўду. Я не мог усвядоміць, што сапраўды пачалася вайна... Некалькі дзён хадзіў ад усяго гэтага ў поўным шоку, а потым зразумеў, што маўчаць больш не магу. Не трэба маўчаць.

Напад Расіі на Украіну закрануў не некалькі чалавек, а ўсю нацыю. Па сутнасці, пачаўся генацыд. У мяне вельмі шмат сяброў і знаёмых з Украіны, таму мне было ўдвая цяжка ўсведамляць, што такое здарылася... Што такое наогул магчымае ў XXI стагоддзі.

Я стварыў асобныя сацсеткі і пачаў асвятляць падзеі, якія адбываюцца. У нас былі чаты — туды пісалі максімальна. Мне не здавалася гэта чымсьці незаконным. Тое, што я рабіў, ніякага дачынення да Беларусі не мела. Я асвятляў выключна расійскую агрэсію.

Паступова павялічвалася колькасць падпісчыкаў. У нейкі момант я адчуў, што гэта можа выклікаць нейкія наступствы, але спыніцца не мог. У тым ліку, таму што быў у шоку ад таго, як мала людзей з нашага горада прыйшло на антываенны мітынг. Мяне гэта нават абурыла, маўляў, дзе вы ўсе? Я выйшаў, нягледзячы на маю сітуацыю са здароўем, таму што ну нельга маўчаць.

Я ведаю, што беларусы выходзілі ў розных гарадах, але нас было мала. Прыйшло чалавек дзесяць. Тут жа прыехала міліцыя і людзі ў цывільным. Як толькі хтосьці спрабаваў падняць які-небудзь плакат, чалавека адводзілі. Людзі выйшлі за агульную ідэю, але стаялі па адным. Ад усяго таго, што адбываецца, было вельмі сумна. Было відаць, што ўсе баяцца. Гэта чыталася ў вачах.

І вось людзі стаялі моўчкі. Да нас часта падыходзілі невядомыя ў цывільным і міліцыя. Тлумачылі, што тут мітынг незаконны і трэба сыходзіць. Спрабавалі выгнаць усіх без адсылак на які-небудзь закон. Хтосьці сыходзіў, хтосьці не. Мне тады падалося, што міліцыі было цэлае войска, а за рогам стаяў вялікі бус. Мяне тады, на шчасце, не забралі, але потым пачаўся кашмар.

 

— Вас сталі пераследваць?

— Неяк раз я выйшаў прагуляцца. Да мяне падышлі некалькі чалавек у цывільным і без тлумачэнняў пачалі абшукваць. Узялі мой тэлефон, зайшлі ў сацсеткі, дзе былі ўсе вось гэтыя нашы антываенныя пасты. Пасля гэтага на мяне пасыпаліся абразы. Яны крычалі: "Ты што — бандэравец? Ты што — за хахлоў? Там ва Украіне адны фашысты!” 

Потым я пачаў абурацца, мяне адказалі ў пакой, дзе прынялі заяву. Я спытаў, колькі можна здзекавацца, тады на мяне пачалі крычаць, выкарыстоўваючы нецэнзурную лексіку.

Я заціх, бо баяўся, што мяне зноў паб'юць. Сядзеў і ціха адказваў на пытанні. Заяву прынялі. Праз некалькі гадзін адпусцілі. Як вы разумееце, злачынцаў так і не знайшлі. Я скардзіўся на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, але атрымліваў адны адпіскі.

 

— Як пасля гэтага змянілася ваша жыццё? Ці спыніўся пераслед?

— Не. Я, вядома, стараўся радзей выходзіць на вуліцу, але калі выходзіў, неаднаразова заўважаў за сабою сачэнне.

Я максімальна заціх, ні з кім амаль не меў зносін, бо псіхалагічна было вельмі страшна. У сацсетках мне зноў пачалі паступаць пагрозы аб фізічнай расправе. Я атрымаў галасавое паведамленне ад незнаёмага чалавека, які вельмі груба выказваўся ў мой адрас. Ён казаў, што маю галаву будуць утоптваць у бетон, што мяне будуць біць і біць.

Гэта было жудасна. Я не мог зразумець, каму здаўся, пакуль ён не пачаў скідваць мне ўсе гэтыя нацыяналістычныя Z-песні. Там спявалася, да прыкладу, пра тое, што ўсіх хахлоў трэба забіваць.

Я разумеў, што ісці ў міліцыю не варыянт, ніхто мне там нічым не дапаможа.

 

— На фоне таго, што вам давялося перажыць, як вы ставіцеся да рознагалоссяў унутры апазіцыі?

— Я чытаю навіны, і (не ведаю, можна такое казаць ці не) мне трывожна. Уся гэтая сітуацыя з BYPOL і раней з "Чорнай кнігай Беларусі", усведамленне таго, што могуць быць уцечкі інфармацыі і пацярпяць звычайныя людзі, якія не знаходзяцца ў бяспецы... Здавалася б, ва ўсіх адна мэта: нам патрэбная свабода. І калі ўнутры нехта пачынае адно з адным ваяваць, робіцца вельмі балюча.

Зусім незразумела, што будзе далей, і зусім незразумела, хто гатовы весці народ да канца. Ці будзе такі чалавек і ці будуць тыя, хто пойдзе за ім, я не ведаю. Але памятаеце, як у 2020-м годзе сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы? Вось калі б тады ўсе не разышліся, стаялі да апошняга ўздыху, можа, сёння было б усё інакш?..

А так незразумела. Людзі баяцца. Баяцца выступаць супраць вайны, захоўваць дома сцягі, проста бо міліцыя выступае за беззаконне, якое адбываецца. Усе ціха сядзяць па дамах, бо вельмі запалоханыя.

Дапамагчы герою публікацыі Еўрарадыё можна па спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі