Як у Маскве праходзілі перамовы па пастаўках беларускага малака (фотарэпартаж)

Як у Маскве праходзілі перамовы па пастаўках беларускага малака (фотарэпартаж)

У Маскве праходзілі перамовы па пастаўках у Расію беларускага малака. У іх удзельнічала вялікая група беларускіх і расійскіх чыноўнікаў. Прысутнічалі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц і першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расіі Джамбулат Хатуаў.

Прэс-служба міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі адзначае, што на перамовах абмеркавалі “падыходы па ўзгадненню балансаў попыту і прапановы па малаку і малочных прадуктах”. Расійскі бок заявіў, што цэны на сыравіну, якая ўвозіцца з Беларусі, не павінны быць ніжэйшымі за ўстаноўлены індыкатыў, а “сінхранізацыя метадалогіі вядзення мытнай статыстыкі дапаможа краінам-партнёрам больш эфектыўна кантраляваць малочныя балансы”. У прамовах расійскіх чыноўнікаў тэма цэн узнікала нярэдка. Яны гаварылі пра “неабходнасць выпрацаваць адзіныя падыходы да цэнаўтварэння”. Падкрэслівалася, што беларускі бок мусіць выконваць узгодненыя аб’ёмы паставак.

Было прааналізаванае пытанне стварэння адзінага беларускага пастаўшчыка, праз якога ў Расію па ўстаноўленай цане будуць ісці ўсе пастаўкі сухога малака з Беларусі. Абмяркоўвалася і праблема барацьбы з неякаснай прадукцыяй і фальсіфікатам.

На наступным тыдні беларуска-расійскія кансультацыі працягнуцца, але ўжо ў Мінску.

Леанід Заяц лічыць, што перамовы былі “канструктыўнымі”. Паводле яго слоў, “больш дэталёва і глыбока… пэўныя моманты” будуць разгледжаны пазней. Найперш гэта датычыць парытэтнай рэалізацыі беларускай прадукцыі на расійскім рынку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі