Як Украіне варта выбудоўваць адносіны з Беларуссю

Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва / itc.ua
Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва / itc.ua

Для Украіны пакуль не ствараецца "вобраз ворага" ўнутры беларускіх Узброеных сіл, мяркуе дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда.

— Я не магу сказаць, што ў беларускіх сілавых структурах ідзе прапагандысцкая кампанія супраць Украіны, што ствараецца вобраз ворага, які ствараецца ў расійскім грамадстве, — кажа Магда. — Тут нам на руку пазіцыя спадара Лукашэнкі. Яна была пераменлівая, але ён казаў, што на танку ва Украіну не прыедзе. Чалавек, якога, прынамсі да жніўня 2020 года, лічылі вярхоўным галоўнакамандуючым, казаў, што можа прыехаць толькі на трактары.

Ён выказаў надзею, што беларускае грамадства і беларускія вайскоўцы таксама ва Украіне ворага не бачаць. І не лічыць, што "вайну ў цэнтры Еўропы" разгарнуць лёгка.

— Можна гаварыць, што Лукашэнка пайшоў на сур'ёзныя саступкі Пуціну. Згода на размяшчэнне зенітна-ракетных сіл, расійскіх знішчальнікаў на беларускіх вайсковых базах — усё роўна, як гэта называецца, — гэта ўцягванне Беларусі ў адзінае камандаванне.

Але разам з тым Магда мяркуе, што вучэнні-2021 — гэта інфармацыйны фон. І на гэтым фоне Пуцін будзе агучваць цэны на газ, а не пераходзіць чырвоныя лініі.
 

Чаму Украіна працягвае купляць беларускае паліва?

Магда падкрэслівае: Украіна і Беларусь адна для адной — важныя гандлёвыя партнёры. А санкцыі заўсёды носяць узаемны характар. Украіне варта шукаць асіметрычныя рашэнні, лічыць Магда.

Напрыклад, адправіць на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам ці Уладзімірам Макеем Леаніда Кучму. Ён даўно і асабіста знаёмы з прадстаўнікамі беларускай улады і з выхадам на пенсію цалкам ад палітычнага жыцця не адмовіўся.

— Гэтыя рашэнні павінны гаварыць пра здольнасць гуляць уласную гульню, а не быць другім нумарам. Ужо калі Украіна спазнілася з тым, каб салідарызавацца з Польшчай і Літвой у пытаннях увядзення сектаральных санкцый, трэба даць Лукашэнку зразумець — выразна, сам-насам — што будзе ў выпадку абвастрэння адносін.

Лепш зрабіць хоць бы спробу гаварыць, чым перакідацца каменьчыкамі цераз плот — гучнымі заявамі.

Суразмоўнік Еўрарадыё перакананы: калі Украіна адмаўляецца весці такі дыялог, то ёй давядзецца таксама адмовіцца ад беларускіх бензіну, бітуму і калійных угнаенняў.

— Беларусь таксама панясе эканамічныя страты, але выйграе ад гэтага ў першую чаргу Расія. І трэба памятаць, што гандлёвы баланс у беларуска-ўкраінскіх адносінах складваецца ўсё-ткі на карысць Беларусі, а не на карысць Украіне.

Поўнае відэа гутаркі глядзіце на Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі