Як жылі беларусы ў 2018 годзе? Выбранае са свежага зборніка Белстата
Беларусь / Reuters
Белстат апублікаваў зборнік аб сацыяльным становішчы і ўзроўні жыцця беларусаў. З яго можна даведацца, якую частку свайго бюджэту людзі трацяць на харчаванне, колькі — на паслугі і алкаголь. Якая пакупная здольнасць у беларусаў, ад чаго часцей за ўсё паміраюць. Што беларусы ядуць і колькі вырошчваюць у сваіх падсобных гаспадарках. Еўрарадыё сабрала самыя цікавыя лічбы з 264-старонкавага зборніка Белстата.
Шлюбы і разводы
Паволі і няўмольна расце сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб. У 2018 годзе сярэдні ўзрост мужчыны, які вырашыў ажаніцца, склаў 28 гадоў, а жанчыны — 26 гадоў.
Нягледзячы на павелічэнне сярэдняга ўзросту тых, хто пажаніўся, на 1000 шлюбаў прыпадае 546 разводаў, што больш за палову. Падобна на тое, узрост тут ні пры чым.
Больш за ўсё шлюбаў і разводаў у Мінску: 14 425 шлюбаў і 7547 разводаў. Следам ідзе Мінская вобласць з 8881 зарэгістраваным шлюбам і 5041 разводам.
Беспрацоўе
У Беларусі, "краіне, якая перамагла беспрацоўе", узровень не занятых працай людзей склаў усяго 4,8 %, па даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак. Пры гэтым 63,3 % беспрацоўных прыпадаюць на ўзроставую групу 20–44 гады.
Грошы
Да 2019 года агульная сума дэпазітаў у рублях у беларусаў вырасла на 1,2 мільярда. Калі ў 2018 годзе было ўсяго 5,5 мільярда рублёў, то ў 2019-м ужо 6,7 мільярда. Вырасла і сума дэпазітаў у замежнай валюце. Рост склаў 833 мільёна рублёў — агульная сума склала 15,4 мільярда рублёў.
Аднак і запазычанасць па крэдытах, выдадзеных банкамі фізічным асобам, у 2019 годзе вырасла і склала 11,5 мільярда рублёў. У папярэдні год беларусы былі вінны банкам 9 мільярдаў рублёў. Усяго за год запазычанасці беларусаў перад банкамі выраслі на 2,5 мільярда рублёў.
Пры гэтым 67,5 % сем'яў маюць даход у сярэднім на чалавека да 600 рублёў у месяц.
Расходы сем'яў
Ільвіная доля сямейных грошай у беларусаў па-ранейшаму ідзе на ежу і аплату паслуг — 64,1 % ад агульнага бюджэту. З іх 38,9 % — на прадукты, а 25,2 % — на паслугі. Малазабяспечаныя сем'і на гэтыя ж артыкулы выдаткаў трацяць 73,9 % бюджэту, пры гэтым на харчаванне — 45,4 %, а на паслугі — 28,5 %.
Ежа
У 2018 годзе беларусы сталі есці менш хлеба, малочнай прадукцыі, бульбы і агародніны. Крыху больш мяса, рыбы, яек і ягад. Змены нязначныя, усяго некалькі кілаграмаў у год.
Пры гэтым беларусы актыўна працягваюць есці вырашчаныя ў асабістых падсобных гаспадарках прадукты. Так, 29 % з'едзеных за год яек, 67,6 % бульбы, 52,3 % агародніны і 34,9 % садавіны і ягад беларусы атрымалі з уласнага падворка. А вось малака ўсяго 3 %. Яно і зразумела: у вёсцы ўсё радзей сустрэнеш людзей, якія трымаюць карову, у лепшым выпадку трымаюць казу.
Малазабяспечаныя сем'і больш за іншых ядуць самастойна вырашчаныя прадукты. 71,6 % з'едзенай за год бульбы, 56,2 % агародніны, 39,1 % садавіны і ягад, 31,1 % яек і 15,7 % мяса беларусы вырасцілі і атрымалі са сваіх падсобных гаспадарак. Малочная прадукцыя зноў у меншасці, усяго 4,4 % ад агульнага гадавога спажывання.
Смяротнасць
На 100 тысяч чалавек у 2018 годзе прыйшлося амаль 1266 смерцяў. Прычынай большай часткі выпадкаў — 715 ад агульнага ліку — сталі захворванні сістэмы кровазвароту. Следам ідуць смерці ад новаўтварэнняў. Іх колькасць расце год ад году. У 2018 годзе стала 198,7 выпадку на 100 тысяч, тады як у 2013 годзе было 183 выпадкі. Таксама значную частку займаюць смерці ад знешніх прычын — на 100 тысяч чалавек прыйшлося 84,5 смерці. Сюды ўключаюцца атручэнні алкаголем, самагубствы, смерці ў ДТЗ, забойствы.