Якая розніца паміж выступам у парламенце і ў протапарламенце? Латушка параўнаў
Павел Латушка на слуханнях у Каардынацыйнай радзе / Скрыншот
Каардынацыйная рада планавала за два дні прыняць са справаздачамі прадстаўнікоў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскай. Але ідзе ўжо трэці дзень, а кабінет усё яшчэ дае справаздачу перад дэлегатамі. І раніцай 5 жніўня таксама будзе.
Яно і зразумела, заўсёды прыемна задаць каму-небудзь пытанне: "А што ты сёлета зрабіў для Беларусі?". Удвая прыемна задаць яго тым, хто добраахвотна год таму аб'явіў, што вось-вось зробіць для Беларусі што-небудзь добрае.
Калі ў краіне ўсё нармальна, дык такія пытанні парламент рэгулярна задае ўраду. Беларускім дэпутатам таксама магло б спадабацца, калі б яны хоць раз паспрабавалі. Але ў Мінску выступы міністраў перад "народнымі абраннікамі" — сумныя. Пытанні там задаюць пра агульныя і надзённыя праблемы: як змагацца з “прапагандай ЛГБТ”, глушыць Еўрарадыё і зжыць са свету ворагаў Лукашэнкі, якія паўсюль.
Справаздача Паўла Латушкі: “Раз ужо прасілі – буду выступаць”
Да трэцяга дня слуханняў адно за адным пачалі збывацца жаданні Вольгі Кавальковай. Па-першае, з Кіева нарэшце даехаў прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка, якога яна чакала ў першы дзень.
Па-другое, слуханні перанеслі з варшаўскага Палаца культуры і навукі ў Музей вольнай Беларусі (таксама ў цэнтры Варшавы). Гэта значыць, як Кавалькова і хацела ў пачатку слуханняў, інтэр'еры сталі больш сучаснымі. Сёння будзем больш уважліва ставіцца да жаданняў Кавальковай, раз яны спраўджваюцца так хутка.
Латушка ўстаў за трыбуну і тут жа растлумачыў, чаму не зрабіў гэтага, як планавалася, два дні таму.
— Па даручэнні кіраўніка Кабінета Святланы Ціханоўскай я знаходзіўся ў Кіеве. Вы ведаеце, што было запрашэнне з боку Палка імя Каліноўскага правесці сустрэчу. З фронту таксама прыехалі камандзіры і добраахвотнікі Палка, і мы першы раз правялі змястоўную размову.
Потым Латушка расказваў пра сваю працу па ўзмацненні санкцый, пра дзеянні, накіраваныя на прызнанне шэрагу беларускіх арганізацый — напрыклад, ГУБАЗіК — тэрарыстычнымі. Распавядаў аб расследаванні ўдзелу беларускага рэжыму ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый і аб падрыхтоўцы кадравага рэзерву чыноўнікаў для новай Беларусі.
Ён запэўніў, што калі раптам проста цяпер адбудуцца змены ў Беларусі, то адразу можна будзе сфарміраваць і некаторыя міністэрствы — будзе, з каго.
— Прабачце, ці застанецца ў нас час для пытанняў? — праз паўгадзіны справаздачы перабіў спікер КР Андрэй Ягораў.
— Застанецца. Раз ужо папрасілі — буду выступаць, — адказаў Латушка.
Яшчэ праз 10 хвілін яго ізноў паспрабавалі перабіць — маўляў, ён выступае ўжо занадта доўга. Латушка паціснуў плячыма: ну, шмат зроблена, ёсць, пра што расказаць!
— Слухайце, я выступаю перад беларусамі (усе дні на сайце КС вялася анлайн-трансляцыя), няхай яны напішуць у каментарах, хочуць мяне паслухаць ці не! — пачаў раздражняцца Латушка.
— Не, ну ўсё ж, а мы не беларусы? Мы таксама беларусы! — дэлегаты таксама пачалі раздражняцца.
Калі вам здаецца, што гэта занадта напружаны фармат камунікацыі протадэпутатаў і пратаміністра адно з адным — выключайце трансляцыю з КР і ўключайце трансляцыю з брытанскага парламента. З яе вы даведаецеся, што ў беларускіх дэм-структурах усё вельмі спакойна.
Беларусы заўжды змогуць дамовіцца з беларусамі
Раптам Латушка перайшоў на рускую мову.
— Белорусы всегда могут договориться с белорусами, — сказаў ён.
Выявілася, што гэты зварот — не да сябраў Каардынацыйнай рады, з якімі ў Латушкі гістарычна склаліся крыху напружаныя адносіны. А да чыноўнікаў, якія займаюць высокія пасады ў сучаснай Беларусі.
— Возможно, вам казалось, что Лукашенко настолько хитер, что даже развязывая прессинг в Беларуси и ввязавшись в войну, ему удастся избежать ответственности за совершение преступлений против человечности. Нет. <...>
Возможно, вам всё ещё кажется, что Лукашенко достаточно силён и способен контролировать ситуацию хотя бы внутри страны. Нет. <...>
Вы хотите всю жизнь преследоваться за преступления против человечности? Продолжать служить психопату? Вы готовы стать военными преступниками, жить в полной изоляции? Мы ещё можем это остановить.
Белорусы всегда смогут договориться с белорусами, если, конечно, вы считаете себя белорусами. Выходите на связь. Контакт у вас есть.
А вось такіх зваротаў у брытанскім парламенце, вядома, не пачуеш.
"І гэта нармальна"
Перад парламентам Латушка ўжо выступаў — у старой Беларусі ў ролі міністра культуры. Пасля справаздачы ён на просьбу карэспандэнта Еўрарадыё параўнаў свой досвед выступу ў Доме Ураду на плошчы Незалежнасці ў Мінску і ў протапарламенце ў Варшаве.
— Я памятаю, як Давыдзька паставіў перада мной пытанне: чаму па расейскім ТБ паказваюць гвалт і стральбу, а вы на гэта як міністр культуры не рэагуеце? Зразумела, што такіх пытанняў сёння не было.
Але ведаеце, і тады былі пытанні, якія вырашаліся. Напрыклад, я памятаю праблему Слуцкага драматычнага тэатра. Адзін з дэпутатаў паставіў перада мной пытанне фінансавання, і ў нас атрымалася патраціць грошы на аднаўленне Слуцкага тэатра, аднаго з найстарэйшых у нашай краіне.
Але, канешне, там [у беларускім парламенце] аднагалоснасць. Ніхто не адважваецца крытыкаваць чальцоў урада. Тут больш смеласці, больш напорыстасці — і гэта нармальна, гэта дэмакратыя.
Калі вы трэці дзень душыце ў сабе пытанні: "Хто гэтыя людзі?" і "Чаму Латушка і астатнія члены кабінета павінны перад імі даваць справаздачу?" — прачытайце гэты тэкст. А потым заходзіце на ютуб-канал Каардынацыйнай рады (пратапарламента) і глядзіце анлайн чацвёрты дзень слуханняў.
— Спадзяюся, заўтра мы пачуем выступленне Аляксандра Азарава, — сказала Кавалькова пасля завяршэння слуханняў па Латушку.
А як мы заўважылі спачатку, яе жаданні неяк занадта хутка спраўджваюцца. Так што ў тым, што раніцай мы ўсё ж пачуем Азарава, сумнявацца не даводзіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.