Якім будзе 2015 год на валютным рынку Беларусі?

Беларускі рубель трэба было дэвальваваць не на 30%, а ў два разы, як гэта адбылося з расійскім. Такімі словамі пачынае прагноз вядомы сваім тролінгам эканаміст Леанід Заіка.

“Расійскі рубель дэвальваваўся ў два разы, а беларускі — толькі на 30%! Гэта прывядзе да таго, што расійскія тавары будуць таннейшымі, а нашы неканкурэнтаздольнымі! Гэта можа прывесці да таго, што беларусам трэба будзе правесці яшчэ адну двухкратную дэвальвацыю: калі глядзець курс на 11 000 рублёў, то да 22,5 тысяч за долар, — кажа эканаміст. — Гэта не азначае, што гэта адбудзецца цяпер ці заўтра, але сітуацыя будзе прымушаць дырэктараў малочных прадпрыемстваў плакацца, губляць частку расійскага рынка. Спачатку расійскія тавары пойдуць сюды таннейшымі, а забараніць іх нельга, бо мы ў Мытным саюзе. Тады трэба будзе прымаць нейкія грашовыя меры. Але ў кіраўніцтва стратэгіі няма!”

Эканаміст прадказвае да канца гэтага года курс у 20 тысяч рублёў і крытыкуе Нацбанк за тое, што рэгулятар не прытрымліваецца агучанага плана па скарачэнні фінансавання дзяржпраграм.

“У сярэдзіне 2014 года Цэнтрабанк Расіі рэзка дэвальваваў нацыянальную валюту. Мы нічога не рабілі, і ў выніку беларуская эканоміка страціла 1,5-1,7 мільярда долараў праз тое, што беларускі рубель быў пераацэнены. Расійскі рубель усё роўна слабы, ідзе яго рэцэсія, з улікам гэтага ў нас будзе запланаваная дэвальвацыя, але пытанне, калі і наколькі. Трэба чакаць да канца года курса мінімум у 20 000 рублёў”, — прагназуе эксперт. На яго думку, эканамічная сітуацыя ў 2015 годзе залежыць не столькі ад рэальнага становішча эканомікі, колькі ад таго, што 2015 — год выбараў. А значыць чаканні народа Нацбанк не зможа не апраўдваць. Эканаміст раіць беларускім уладам прыняць новы бюджэт, ужо з улікам скарачэння фінансавання дзяржпраграм.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб спадзяецца на станоўчы варыянт развіцця сітуацыі на валютным рынку. Ён асабіста аналізаваў залежнасць курса беларускага рубля ад валютнага кошыка. Нагадаем, да 9 студзеня 2015 года доля еўра, долара і расійскага рубля была аднолькавай. А з 9 студзеня доля расійскага рубля вырасла да 40%. Можна было чакаць большай залежнасці курса беларускага рубля ад расійскага, але гэтага не адбылося. Эканаміст выказвае меркаванне, што такі кошык валют будзе больш гнуткім і будзе больш чуйна рэагаваць на валютны рынак.

“Новая валютная палітыка Нацбанка будзе заключацца ў тым, каб кошт валютнага кошыка цягам часу быў пастаянным і з не вельмі вялікімі ваганнямі. Нацбанк агучыў, што палітыка такая, каб кошт кошыка валют не перавышаў 3-7%, але гэта ўжо дасягнута, і можна дапусціць, што такі курс захаваецца да канца года”.

Вадзім Іосуб падкрэслівае, што агучаная сітуацыя толькі прагноз.

“Цяпер паводзіны рубля больш гнуткія і больш адэкватныя. Але недастаткова гнуткія, каб адказваць на выклікі, якія ставіць наша эканоміка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі