Якім будзе суд над “здраднікам дзяржаве” Андрэем Гайдуковым?

“Напэўна, патэлефануюць, калі нешта канкрэтнае стане вядома. Якім будзе суд — я не ведаю. Вядома, хацелася б, каб ён быў адкрытым. Але ад нас гэта не залежыць”, — гаворыць маці Андрэя Вольга.

Расказвае, што апошнім часам лісты ад сына сталі больш стрыманымі, піша ў іх ён збольшага пра асабістыя справы.

Моладзевы апазіцыйны дзеяч з Наваполацку Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску яшчэ 8 лістапада 2012 года. Амаль адразу яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Падрабязнасці справы дагэтуль невядомыя. Родныя і паплечнікі Гайдукова перакананыя, што яго затрыманне звязанае з апазіцыйнымі поглядамі юнака. Праваабаронцы больш асцярожныя ў высновах, але таксама патрабуюць рассакрэчвання акалічнасцяў справы і адкрытага працэсу.

Якім ён будзе, можа высветліцца толькі на судзе. Але пра яго пакуль вядома не больш, чым пра саму таямнічую справу. Хоць, згодна са словамі паплечніка Гайдукова па “Саюзе маладых інтэлектуалаў” Яўгена Канстанцінава, чэкісты яшчэ на пачатку сакавіка прадказвалі прыкладны тэрмін завяршэння расследавання.

“Пра даты суда пакуль яшчэ невядома нічога. Але на допытах мне намякалі, што справу перададуць у суд да канца вясны. І вось акурат перадалі. Таму думаю, што да канца чэрвеня справу гэтую так альбо іначай закрыюць”.

Не ведае пра дату пачатку працэсу яшчэ адзін паплечнік Гайдукова Ілля Багданаў. Яго таксама затрымлівалі ўвосень і нават адвезлі ў машыне КДБ з Віцебска ў Мінск. Але на вуліцы Камсамольскай Багданаў прабыў нядоўга — няпоўную ноч. Яго спачатку выпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні ў статусе падазраванага, а на пачатку вясны перавялі ў разрад сведкі. З таго часу Багданаў усе навіны аб справе Гайдукова даведваецца з інтэрнэту.

“Пабачыў інфармацыю ў навінах. А больш нічога не ведаю, ніякіх падрабязнасцяў”.

Надзея на адкрытасць суда невялікая. Калі на працэс дазволяць прыйсці ўсім ахвотным — гэта будзе першы падобны выпадак у гісторыі Беларусі. Дагэтуль усе “шпіёнскія справы” праходзілі за закрытымі дзвярыма. Змяншае шансы на адкрытасць працэсу Гайдукова і тое, што спецслужбы бралі падпіску аб неразгалошванні з усіх, каго дапытвалі па справе.

Дата пачатку працэсу, які пройдзе ў Віцебску, стане вядомая ў бліжэйшыя тыдні. Андрэю Гайдукову пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі