Якія шансы ў Сяргея Міхалка і Brutto зладзіць канцэрт у Беларусі
Лідар гурта Brutto Сяргей Міхалок робіць адкрыты відэазварот да міністра культуры Беларусі Барыса Святлова. Музыка прапануе чыноўніка даказаць, што ў нашай краіне няма забароненых гуртоў, і даць магчымасць камандзе правесці канцэрт у “Мінск-Арэне” у любы час, хоць бы і ў 10 раніцы ў сераду.
“Цягам многіх гадоў чыноўнікі і дзеячы, якія курыруюць развіццё культуры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, неаднойчы заяўлялі: "У нас не існуе негалосных забаронаў, у нас няма так званых “чорных спісаў”", — кажа Міхалок у звароце. — Прапаную правесці сацыяльны эксперымент: дайце нам магчымасць зрабіць канцэрт у спартова-забаўляльным комплексе “Арэна”, дайце нам самы нязручны час, любую сераду, 10 раніцы, любы чацвер, 15 гадзін дня, любы панядзелак — апоўначы. Каб нас не абвінавацілі ў сквапнасці і карысталюбстве, абяцаю: усе атрыманыя грошы пойдуць на развіццё мінскіх Дома міласэрнасці і Дома інвалідаў”.
Еўрарадыё высвятляе, ці бачылі зварот беларускія чыноўнікі і якія шансы ў Brutto прэзентаваць альбом “Родны край” на Радзіме. Каб атрымаць гастрольнае пасведчанне, трэба мець дамову з пляцоўкай, у якой будзе канцэрт. Пытаемся ў дырэктара спартова-культурнай установы “Арэна” Галіны Забур’янавай, ці гатовая яна падпісаць дамову на правядзенне выступу Сяргея Міхалка і кампаніі.
Галіна Васілеўна: У нас такой інфармацыі няма. Гэта не мы вырашаем, бо ён мусіць атрымаць гастрольку ў гарвыканкаме.
Еўрарадыё: Але перад гэтым вы мусіце пагадзіцца прыняць гэты канцэрт!
Галіна Васільеўна: Не! Гэта не наша пытанне.
Еўрарадыё: Але ці гатовыя вы прыняць гэты канцэрт на сваёй пляцоўцы?
Галіна Васільеўна: Вы лічыце, гэта карэктнае пытанне?
Еўарардыё: А што ў ім некарэктнага?
Галіна Васільеўна: У нас такой інфармацыі няма, таму абмяркоўваць яе бессэнсоўна! Дзякуй.
На ўсялякі выпадак, вырашаем задаць тое ж пытанне і генеральнаму дырэктару “Мінск-Арэны” Мікалаю Ананьеву. Як высвятляецца, ён бачыў зварот Міхалка ў інтэрнэце, таму з сітуацыяй знаёмы.
“Мы гатовыя ўсіх прымаць, калі ёсць такая каляндарная магчымасць, — З усмешкай адказвае Мікалай Канстанцінавіч, — Але ёсць пэўныя правілы, спачатку мы мусім атрымаць заяўку”.
Еўрарадыё: Заяўка будзе, таму пытанне гіпатэтычнае, ці гатовыя вы іх прыняць?
“Ну, вы, журналісты, такія цікавыя, — пачынае заводзіцца галоўны адміністратар і ў выніку павышае голас. — Вам даеш адну інфармацыю, а вы яе перакручваеце. Патэлефанаваў адзін і спытаў, ці праўда, што “Дынама” сыходзіць гуляць на “Чыжоўка-Арэну”. Я яму нармальна патлумачыў. Потым чытаю — зусім іншая. Таму адказваю вам, што заяўкі на правядзенне канцэрта ў нас няма!”
Дырэктар Brutto Антон Азізбекян паведамляе, што ўсе неабходныя дакументы будуць падавацца 1-га лютага. Сам жа канцэрт плануецца правесці недзе ў траўні.
Зробім выгляд, што “Мінск-Арэна” ўсё ж падпісала дамову з гуртом. Тым больш, на травень ніякіх буйных турніраў на пляцоўцы пакуль не запланавана, ды і якую-небудзь свабодную раніцу ў будні дзень заўсёды можна адшукаць. Таму тэлефануем адразу старшыні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і культуры Мінгарвыканкама Паўлу Скалабану, які і ставіць свой подпіс на гастрольных пасведчаннях. Каментаваць ён адмаўляецца, маўляў, пакуль такой заяўкі на канцэрт няма, таму і гаварыць няма пра што. Чыноўнік абяцае, што як толькі дакументы паступяць, іх абавязкова разгледзяць.