"Яму патрэбныя рабы": чаму шахцёры "Беларуськалія" выходзяць супраць Лукашэнкі
"Беларуськалій" / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
Гэтыя хлопцы працуюць па кантракце ў шахтах "Беларуськалія". Іх заробкі нашмат вышэйшыя за сярэдні па краіне. У многіх ёсць сем'і. Але ні перспектыва звальнення, ні знікненне і затрыманні калег, ні пагроза крымінальнай адказнасці не спыняюць іх ад удзелу ў забастоўцы.
Шахцёры з Салігорска расказваюць Еўрарадыё, чаму яны ідуць супраць сістэмы.
Павел
"Мы памром праз пяць гадоў, і на нашым месцы апынуцца нашы дзеці"
— Крок на плошчу нялёгкі, але кожны для сябе павінен зрабіць выбар, каб потым смела глядзець у вочы людзям, сваім дзецям. Тут ніхто нікога не прымушае. Рашэнне прымаецца калегіяльна. Як вырашаюць людзі — так яно і будзе.
На "Белкаліі" на нас усіх ідзе каласальны ціск. Сем'і нашы і падтрымліваюць нас, і ў той жа час баяцца за нас, што з намі будзе. Мы цалкам усведамляем свой выбар. Ён цяжкі для нас, але мы ўсё выдатна разумеем. Невядома, як яно потым будзе. Але нам з гэтым жыць.
За парушэнне працоўнага распарадку нам пагражаюць звальненнямі са стратай усіх выплат. Ніякіх перамоў не вядзецца. Толькі ў гэтай ультыматыўнай форме. Нас не хочуць чуць. Думаю, што наўрад ці пачуюць.
Асноўныя нашы патрабаванні — мы хочам жыць у краіне без гвалту, без забойстваў, без здзекаў. Мы хочам зваліць гэту ўладу, якая ўжо каростай ляжыць на нашай краіне, не даючы нам ні выдыхнуць, ні ўдыхнуць. Хутка мы ўсе тут будзем у кайданах працаваць. Хто б сабе ілюзій якіх ні будаваў. Мы ўсе да гэтага прыйдзем. Варта толькі здаць пазіцыі — нас усіх закуюць, і будзем працаваць за міску супу. Мы памром праз пяць гадоў, і на нашым месцы апынуцца нашы дзеці. Яму патрэбныя людзі, якія будуць безагаворачна працаваць, працягваць жыць і не бачыць, што адбываецца ў свеце. Ёсць вельмі шмат спосабаў выказвання сваёй волі, але нам гэтага не дадуць зрабіць. Яму патрэбныя проста рабы.
Я бачу, што адбываецца вакол, як паводзіць сябе АМАП. Калі б такое закранула маю сям'ю, жонку або дзіця (гавару на эмоцыях), я б не прайшоў міма... Лёг бы касцямі, увязаўся б у бойку. Без МУС, без СК, без Генпракуратуры, пайшоў бы асабіста і проста шукаў бы гэтых людзей.
Раман
"Магчыма, я ўжо не працую, але я бастую”
— Я не згодны з тым, што адбываецца ў Беларусі. Людзей хапаюць, многія зніклі без вестак, іх да гэтага часу не знайшлі, многіх прынізілі, многіх збілі. Гэта няправільна. Трэба правесці празрыстыя выбары, а вінаватых у гвалце прыцягнуць да адказнасці.
Магчыма, я ўжо не працую, але я бастую. Ёсць людзі, не згодныя з забастоўкай, спадзяюся, што іх меншасць. Кіраўніцтва запалохвае: звольнім, разлічым... І без розніцы, колькі вас будзе — тысяча ці дзве, знойдзем іншых рабочых. Людзей палохаюць, што скіданне ўлады — гэта крымінальная адказнасць, так даводзяць да ўсіх. Таму адны баяцца, але іншыя выходзяць. Спадзяюся, што да забастоўкі далучыцца больш людзей. Шахцёры павінны быць разам. Разам мы сіла. Таму будзем чакаць.
Раман
"З нашых заробкаў корміцца АМАП"
— Нагледзеўшыся, як бастуюць у Мінску, Гомелі і ў іншых гарадах, яшчэ ў мінулыя выхадныя мы сабраліся на рудніку, каб пагаварыць пра забастоўку. Нам стала сорамна, што ўсе на нас пачынаюць паказваць пальцам. Мы таксама хочам дапамагчы ўсёй Беларусі.
Вялікая частка бюджэту "Беларуськалія" ідзе ў Мінск. Выходзіць, што з нашых заробкаў корміцца АМАП. Мы хочам падтрымаць усю краіну. Мы хочам даць зразумець шахцёрам, што нават пры запалохванні і звальненні нас гатовыя падтрымаць фінансава, дапамагаць з навучальнымі курсамі і пошукам працы. Ужо працуе Фонд салідарнасці забастоўшчыкаў.
Мужчына, які не прадставіўся
"26 гадоў нас закочваюць у асфальт"
— Я бастую. Колькі можна маўчаць? Паглядзіце, колькі людзей забілі, колькі зніклых. Куды яны ўсе падзеліся? У краіне робіцца самавольства! Я не ведаю, што з гэтым рабіць. Які-небудзь лагічны адказ можа быць?
Колькі гэты чалавек будзе ва ўладзе? 26 гадоў нас закочваюць у асфальт. Я не баюся, што мяне могуць звольніць. У мяне кантракт на год. Я працую інжынерам, і ў мяне праца не бі ляжачага. Але я ўжо стаміўся, асабіста я стаміўся.
Сяргей
"Змяніць нешта ў Беларусі атрымаецца"
— Мы брыгадай калегіяльна вырашылі, што стаім да канца. Якія наступствы будуць, усе ўсведамляюць. Мы ж дарослыя людзі. Наконт апошніх навін, думаю, змяніць нешта ў Беларусі атрымаецца, працэс пайшоў. Калі зменіцца — не скажу, але што гэта будзе дакладна — я ўпэўнены.
Сяргей
"Парушэнне законаў на ўзроўні дзяржавы недапушчальнае"
— Як нармальны чалавек, а такіх у нас большасць, я не мог заставацца ўбаку. Гэта не высокія словы, а нармальнае стаўленне да таго, што адбываецца. У мяне дзеці, ва ўсіх дзеці. Усё, што адбывалася, не лезе ні ў якія рамкі. Парушэнне ўсіх законаў на ўзроўні дзяржавы недапушчальнае.
Мы ўсе баімся, але страх у нас у галаве. Часам рашэнне трэба прымаць ад сэрца. Калі не верыць, што забастоўка дапаможа змяніць існуючы рэжым, тады не трэба пачынаць. Я веру, што людзі будуць падымацца і нас падтрымліваць.
Андрусь
“Паветра мала, пылу шмат”
— Знаходжуся у адпачынку. Кожны дзень прыходжу сюды падтрымаць калег. Усе пытанні павінны вырашацца на плошчы. Калі камусьці нешта незразумела, людзям не хапае інфармацыі, тут са сцэны гаворацца ўсе патрабаванні, чаму гэта ўсё пачалося і да чаго вядзе.
На “Белкаліі” хапае праблем. Недахоп абсталявання, яно неякаснае, недахоп кадраў і недахоп часу. Калі раней заўсёды прысутнічалі рамонтныя змены, была магчымасць адпачыць абсталяванню, то апошнія тры гады паняцце “рамонтная змена” — знікла. Рамонтнікам, якія рамантуюць абсталяванне, пад усялякімі падставамі трэба спыняць абсталяванне, каб што-небудзь адрэмантаваць, бо працы ў апошнія два з паловай гады стала больш. Нормы пераразлічваюцца — заробак застаўся на тым жа ўзроўні. А тое, што паветра мала, пылу шмат, дык гэта ўсё зразумела і так.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.